Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ў гэтай гонцы да канца», — Байдэн заявіў прыхільнікам, што ня будзе здымацца з выбараў


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, 2024
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, 2024

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас перадвыбарнага тэлемоста са сваімі паплечнікамі заявіў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, нягледзячы на паразу ў дэбатах з Дональдам Трампам.

Пра заяву Джо Байдэна сваім прыхільнікам, што ня будзе здымацца з выбараў, паведамляе тэлеканал CBS са спасылкай на свае крыніцы.

«Дазвольце мне сказаць гэта максымальна ясна, проста і зразумела: я балятуюся. Я кандыдат ад Дэмакратычнай партыі. Мяне ніхто не выцясьняе. Я не сыду», — цытуе Байдэна адзін з суразмоўцаў тэлеканала.

Падчас тэлеканфэрэнцыі прэзыдэнт ЗША прызнаў правал дэбатаў, але CBS паведамляе, што цяпер яго кампанія імкнецца зьмякчыць наступствы таго, што адбылося.

Як паведамляе NPR, у электронным лісьце да прыхільнікаў партыі Байдэн таксама падкрэсьліў, што «не сыходзіць» з гонкі. «Я ў гэтай гонцы да канца, і мы пераможам на гэтых выбарах», — гаворыцца ў лісьце.

Акрамя таго, 3 ліпеня прэзыдэнт ЗША правёў сустрэчу з губэрнатарамі-дэмакратамі, спрабуючы разьвеяць асьцярогі з нагоды свайго ўдзелу ў выбарах. Па словах прысутных на сустрэчы губэрнатараў Нью-Ёрка, Мінэсоты і Мэрылэнда, яны працягнуць падтрымліваць кандыдатуру Байдэна, піша Reuters.


Дэбаты паміж Джо Байдэнам і Дональдам Трампам прайшлі ў ноч на 28 чэрвеня і, на думку многіх выбарнікаў, абярнуліся правалам для дзейнага прэзыдэнта. Пасьля гэтага прыхільнікі Байдэна меркавалі, што яму давядзецца зьняцца з выбараў. У штабе прэзыдэнта падкрэсьлілі, што ён не пакіне выбарчай гонкі. Сам Байдэн таксама казаў, што мае намер перамагчы.

Амэрыканскія СМІ пісалі, што ў прыняцьці рашэньня аб зьняцьці сваёй кандыдатуры Байдэн будзе абапірацца на сваю сямʼю, у прыватнасьці на жонку, думка якой для яго зьяўляецца вырашальнай. Крыніцы некаторых выданьняў называлі яе «адзінай асобай, якая мае поўны ўплыў на прэзыдэнта».

Пазьней New York Times апублікавала артыкул, у якім сьцьвярджалася, што Байдэн сказаў аднаму са сваіх ключавых памочнікаў, што разумее магчымасьць правалу яго кандыдатуры на выбарах і ацэньвае пэрспэктывы працягу барацьбы. Белы дом назваў публікацыю «абсалютна лжывай».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG