У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб затрыманьні ўкраінскага памежніка, які зьбіраў інфармацыю пра Сілы абароны на мяжы зь Беларусьсю і перадаваў яе спэцслужбам Расеі.
«Зламысьнік — завэрбаваны расейскай спэцслужбай кантрактнік, кіраўнік мясцовага памежнага атраду. Паводле ўказаньняў акупантаў, „крот“ вызначаў лякацыі раёнаў умацаваньня і прыблізную колькасьць украінскіх войскаў, якія абараняюць памежжа зь Беларусьсю. Таксама ён спрабаваў перадаць каардынаты складоў з узбраеньнем і боепрыпасамі на тэрыторыі рэгіёну», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
У СБУ адзначылі, што пасьля выкананьня заданьняў расейцы абяцалі яго «эвакуаваць» у Расею і прыняць на службу «у акупацыйныя групоўкі Расеі».
«Служба бясьпекі загадзя перахапіла адпаведную інфармацыю і дакумэнтавала злачынныя дзеяньні фігуранта. На фінальным этапе спэцапэрацыі контравыведнікі СБУ з супрацоўнікамі атраду спэцпрызначэньня „А“ затрымалі расейскага агента паблізу месца службы», — удакладнілі ва ўкраінскай спэцслужбе.
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, украінца дыстанцыйна завэрбаваў супрацоўнік ФСБ Расеі Аляксей Дабрыцкі, які знаходзіцца ў часова акупаваным Луганску.
Датычна затрыманага завялі справу паводле ч. 2 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — за дзяржаўную здраду ва ўмовах ваеннага становішча яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Форум