Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі ўхваліў закон «Аб амністыі», які не закране палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Савет Рэспублікі 20 чэрвеня ўхваліў праект закону «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», паведамляе прэс-служба верхняй палаты Нацыянальнага Сходу.

Законапраект быў прыняты ў двух чытаньнях Палатай прадстаўнікоў 30 траўня.

Як паведамлялася, амністыя будзе прыменена да 7850 асуджаных.

Прадугледжваецца, што ад пакараньня цалкам вызваляць 2090 чалавек, з 800 асоб здымуць неадбытую частку ўмоўнага пакараньня, з 40 — пакараньне ў выглядзе арышту.

Для 260 чалавек прадугледжана замена пазбаўленьня волі на «больш мяккае пакараньне» (абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), 4550 асобам тэрмін пакараньня будзе скарочаны на 1 год.

Умовай для прымяненьня амністыі названыя «поўнае пакрыцьцё шкоды, прычыненай зьдзейсьненым злачынствам, станоўчая характарыстыка асобы ў пэрыяд адбываньня пакараньня».

  • Законапраект прадугледжвае скараціць на 1 год тэрмін пакараньня шматдзетным жанчынам, асуджаным за ўчыненьне «забойства або прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое прывяло да сьмерці без абцяжваючых адказнасьць прыкмет», а таксама непаўналетнім, жанчынам, адзінокім мужчынам, якія маюць непаўналетніх дзяцей, якія ўчынілі злачынствы, зьвязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў».
  • Таксама дакумэнт дазваляе амніставаць асуджаных па ч. 1 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) і ч. 1 і 2 арт. 350 (зьнішчэньне, блякаваньне або мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі) КК.
  • Адзначаецца, што «для асуджаных да пакараньняў у выглядзе грамадзкіх работ, папраўчых работ, іншых мер крымінальнай адказнасьці амністыя будзе прымяняцца толькі да асоб, якія на працягу ня менш як трох месяцаў, якія папярэднічаюць ёй, працуюць, навучаюцца або займаюцца іншай дзейнасьцю, пры ажыцьцяўленьні якой асоба лічыцца занятаю ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб занятасьці насельніцтва».
  • Акрамя гэтага, дзеяньне законапраекту прапануецца распаўсюдзіць на асоб, якія былі асуджаныя за «арганізацыю і (або) выкарыстаньне заняцьця прастытуцыяй або стварэньне ўмоў для заняцьця прастытуцыяй», «уцягваньне ў заняцьце прастытуцыяй або прымус да працягу заняцьця прастытуцыяй», а таксама на асуджаных за «злоўжываньне ўладай, бязьдзеяньне ўлады або перавышэньне ўлады, за выключэньнем «асоб, якія ўчынілі злачынства з карысьлівай або іншай асабістай зацікаўленасьці».
  • Дакумэнт прадугледжвае яшчэ некалькі палажэньняў, якія даюць магчымасьць зьмякчыць пакараньне, у тым ліку за злачынствы, якія «не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі».

Пры гэтым падкрэсьліваецца, што «да асоб, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», амністыя прыменена ня будзе.

11 студзеня на нарадзе аб удасканаленьні заканадаўства аб крымінальнай адказнасьці Аляксандар Лукашэнка заявіў, што імаверная амністыя 2024 году «павінна мець адрозьненьні» ад папярэдніх, падтрымаўшы прапанову МУС, якая фактычна пазбаўляе асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах магчымасьці трапіць пад яе.

«Намі было прапанавана: экстрэмісты і тэрарысты, якія асуджаныя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, — да іх амністыю не прымяняць. Нашу прапанову падтрымалі», — адзначыў па выніках сустрэчы кіраўнік МУС Іван Кубракоў.

Пасьля масавых пратэстаў, якія разгарнуліся ўсьлед за фальсыфікаванымі выбарамі прэзыдэнта ў 2020 годзе, Беларусь заліла хваля рэпрэсій. Улады актыўна выкарыстоўваюць крымінальныя артыкулы аб экстрэмізьме і тэрарызьме для барацьбы з апанэнтамі.

З 2020 году ў «сьпіс экстрэмістаў» уключана больш за 4 тыс. чалавек, у «сьпіс тэрарыстаў» КДБ унёс больш за 400 прозьвішчаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG