Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ 20 чалавек у сьпісе «экстрэмістаў», яшчэ 10 новых палітвязьняў


Іван Краўцоў
Іван Краўцоў

У пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці», 14 чэрвеня дададзена яшчэ 20 чалавек, цяпер у ім 4154 пазыцыі.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Сярод уключаных у пералік — палітык Іван Краўцоў, завочна прыгавораны Менскім гарадзкім судом 16 траўня ў рамках спэцыяльнага вядзеньня да 11 гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Насупраць прозьвішча Краўцова ў сьпісе стаіць адзнака «знаходзіцца ў вышуку». Паводле абноўленага пераліку, у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца 3 чалавекі, насупраць 16 прозьвішчаў стаіць адзнака «судзімасьць не пагашаная».

Сярод уключаных у сьпіс пяць жанчын і, верагодна, адна сямейная пара (Аляксей і Інга Вераіціны).

У пералік уключаны палітвязень, жыхар Маладэчна Аляксандар Верасовіч. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён прыгавораны да 6 гадоў пазбаўленьня волі паводле арт. 361-2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і арт. 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або збройным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу). Разам з тым у сьпісе насупраць ягонага прозьвішча стаіць адзнака «судзімасьць не пагашаная», якая, як правіла, сьведчыць аб прызначаным пакараньні, не зьвязаным з пазбаўленьнем волі.

Іншыя ўключаныя ў пералік асобы, у тым ліку тыя, якія адбываюць пакараньне, не прызнаныя праваабарончай супольнасьцю палітвязьнямі.

Сёньня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 10 чалавек. Гэта вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» https://spring96.org/be/news/115519.

Адпаведны статус атрымалі:

Тацяна Ліньнік — 2 гады пазбаўленьня волі (арт. 368, 369, 391 Крымінальнага кодэксу);

Сяргей Бельскі — 2,5 года пазбаўленьня волі (арт. 368 КК);

Дзьмітры Давыдаў — 2 гады пазбаўленьня волі (арт. 367 КК);

Фёдар Маторын — 3,5 года абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу (арт. 367 КК);

Васіль Кавалёў — тэрмін невядомы (арт. 369, 369-1 КК);

Дзьмітры Данільчык — 1 год пазбаўленьня волі (арт. 368, 369 КК);

Сяргей Гнеўка — 4,5 года пазбаўленьня волі (арт. 368 КК);

Уладзімір Кароткі — 2 гады пазбаўленьня волі (арт. 370 КК);

Андрэй Бурдзеня — узяты пад варту (арт. 130, 367, 368, 369 КК);

Мікалай Хіла — узяты пад варту (арт. 368 КК).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG