Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША працягнулі на год рэжым надзвычайнай сытуацыі адносна Беларусі


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн працягнуў на чарговы год, пачынаючы з 16 чэрвеня, дзеяньне нацыянальнага рэжыму надзвычайнай сытуацыі (НС) адносна Беларусі, вынікае з дакумэнту, апублікаванага 14 чэрвеня Фэдэральным рэестрам ЗША.

У апавяшчэньні зазначаецца, што «дзеяньні і палітыка некаторых чальцоў урада Беларусі і іншых асоб, а таксама згубная дзейнасьць і шматгадовыя злоўжываньні беларускага рэжыму працягваюць уяўляць незвычайную і надзвычайную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і зьнешняй палітыкі Злучаных Штатаў», паведамляе «Позірк».

Прэзыдэнт Джордж Буш-малодшы ўвёў рэжым НС у адносна Беларусі пасьля асуджэньня экс-кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2006 года Аляксандра Казуліна (быў пакараны на 5,5 года зьняволеньня, выйшаў на волю ў жніўні 2008-га). Такім чынам, адпаведны ўказ 13405 «Блякаваньне ўласнасьці пэўных асоб, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Беларусі» штогод працягваецца амэрыканскімі кіраўнікамі ўжо на працягу 17 гадоў, з 2007 года.

У 2006 годзе пад абмежаваньні трапілі Аляксандр Лукашэнка, тагачасныя намесьніца кіраўніка яго адміністрацыі Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, дзяржсакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман, камандзір САХР Дзьмітры Паўлічэнка, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, дарадца Лукашэнкі па нацыянальнай бясьпецы, ягоны старэйшы сын Віктар Лукашэнка.

Большасьць згаданых асоб ужо не займае ўказаныя пасады, некаторыя зь іх не жывуць у Беларусі.

Як і год таму, Байдэн нагадаў, што 9 жніўня 2021 году пашырыў сфэру дзеяньня санкцый з-за дзеяньняў беларускага рэжыму, накіраваных на «падаўленьне дэмакратыі і ажыцьцяўленьне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі», у тым ліку «незаконных рэпрэсій, зьвязаных з фальсыфікацыяй» прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 года і іх наступствамі, а таксама за «ліквідацыю палітычнай апазыцыі і арганізацый грамадзянскай супольнасьці» і «стварэньне пагрозы міжнародным грамадзянскім авіяперавозкам».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG