Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі валютны рынак практычна не адрэагаваў на санкцыі ЗША супраць Маскоўскай біржы. Экспэрт патлумачыў, чаму


Беларуская валютна-фондавая біржа, архіўнае фота
Беларуская валютна-фондавая біржа, архіўнае фота

Беларускі валютны рынак, які залежыць ад расейскага, практычна не адрэагаваў на амэрыканскія санкцыі супраць Маскоўскай біржы, якой з 13 чэрвеня давялося спыніць таргі далярам ЗША і эўра.

За 13 чэрвеня сярэдні курс наяўнага расейскага рубля ў галоўных аддзяленьнях банкаў зьнізіўся на 0,01% (з 3,5405 да 3,5402 беларускага за 100 расейскіх), пры гэтым розьніца паміж сярэднімі курсамі куплі і продажу крыху павялічылася: першы зьменшыўся на 0,18% (з 3,4962 да 3,4899 за 100), другі вырас на 0,16% (з 3,5847 да 3,5905 за 100), паведамляе «Позірк».

У некаторых банках ваганьні былі значнымі. Адны рэагавалі на панічныя чаканьні ў Расеі, іншыя арыентаваліся на Цэнтральны банк Расеі, які ўмацаваў курс расейскага рубля да даляра, трэція надавалі курсу расейскай валюты рознаскіраваную дынаміку.

У «Белгазпрамбанку» курс куплі рубля РФ зьнізіўся за ўчора на 3,10% (з 3,520 да 3,411 за 100), у «МТБанку» — на 2,86% (з 3,5 да 3,4 за 100), у банку «Гандлёвы капітал» — на 2,27% (з 3,53 да 3,45 за 100), у «БелСьвісБанку» — на 1,93% (з 3,524 да 3,456 за 100).
«Беларускі народны банк» павысіў курс куплі расейскай валюты на 2,08% (з 3,4605 да 3,5326 за 100), банк «Дабрабыт» — на 2,03% (з 3,45 да 3,52 за 100).

Сярэдні курс наяўнага даляра ЗША ў беларускіх банках 13 чэрвеня вырас на 0,58% (з 3,2006 да 3,2192 рубля), куплі — на 0,61% (з 3,1772 да 3,1965), продажу — на 0,56% (з 3,2240 да 3,2419). Эўра падаражэў у сярэднім на 0,57% (з 3,4641 да 3,4840), купля — на 0,46% (з 3,4241 да 3,4400), продаж — на 0,68% (з 3,5040) да 3,5279).

Наплыву расейскіх гульцоў на БВФБ чакаць ня варта, лічыць экспэрт

Калі б Беларусь і Расея дзейнічалі ва ўмовах рынкавых інструмэнтаў, то санкцыі ЗША ў дачыненьні да Маскоўскай біржы тым ці іншым чынам паўплывалі б на сытуацыю на беларускім валютным рынку, заявіў «Позірку» кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Гэтая зьява ў той ці іншай ступені насьцярожыла б удзельнікаў рынку Forex, напалохала б і прадаўцоў, і пакупнікоў, — адзначыў эканаміст. — Але ў нас нават колькасьць заявак на куплю-продаж кантралюецца. Таму можна казаць, што Беларусь і Расея працуюць за жалезнай заслонай фінансавых апэрацый».

Яраслаў Раманчук, архіўнае фота
Яраслаў Раманчук, архіўнае фота

На думку суразмоўцы, на фоне амэрыканскіх санкцый ня трэба чакаць наплыву расейскіх гульцоў на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы.

«Калі будуць назірацца вялікія патокі [расейскага] капіталу праз БВФБ, то гэты шлях выкарыстаньня Беларусі ў якасьці пасярэдніка хутка закрыюць», — падкрэсьліў Раманчук, адзначыўшы, што «ёсьць іншыя пляцоўкі і мэханізмы» — Кітай, Турэччына, Кіргізстан, Грузія.

«Таму ня думаю, што Беларусь будуць падстаўляць», — сказаў ён.

Санкцыі ў дачыненьні да Маскоўскай біржы эканаміст назваў «часовымі нязручнасьцямі», паколькі «абмежаваньні не датычацца валюты, фінансаў, уваходных і выходных патокаў».

З улікам таго, што «ёсьць шмат іншых спосабаў займацца валютнымі апэрацыямі», расейскі рубель, на думку Раманчука, «яшчэ больш пяройдзе ў рэжым ручнога адміністрацыйнага кіраваньня».

Экспэрт лічыць, што кіраўніцтва Цэнтрабанка Расеі «ужо ведае, што рабіць», таму «гатова ўводзіць некаторыя абмежаваньні, каб пазьбегнуць нейкіх рэзкіх ваганьняў». «Расея ўстала на шлях савецкага рубля, які ўвогуле быў неканвэртоўнай драўлянай валютай», — падсумаваў эканаміст.

12 чэрвеня ЗША ўвялі чарговыя санкцыі за разьвязаную РФ вайну супраць Украіны. Маскоўская біржа падпала пад іх як элемэнт «архітэктуры фінансавай сыстэмы Расеі».

Маскоўская біржа 12 чэрвеня абвясьціла пра спыненьне гандлю далярам і эўра пасьля ўвядзеньня новых санкцый Міністэрствам фінансаў ЗША.

Таргі будуць спыненыя з 13 чэрвеня, гаворыцца на сайце пляцоўкі. Гандаль будзе спынены зь фінансавымі інструмэнтамі, акцыямі, каштоўнымі мэталамі з разьлікамі ў гэтых валютах.

12 чэрвеня Маскоўская біржа, расейскі Нацыянальны клірынгавы цэнтар і Нацыянальны разьліковы дэпазытарый трапілі ў санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША, уведзены за расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

У паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША зазначаецца, што новыя санкцыі накіраваныя супраць «структуры фінансавай сыстэмы Расеі», якая працуе на інвэстыцыі ў вайсковую прамысловасьць.

Новыя санкцыі прывядуць да абмежаваньня канвэртавальнасьці расейскага рубля, падаражэньня вываду валюты з Расеі і да ўскладненьня продажу валюты па выгадным курсе для расейскіх экспартэраў, расказаў выданьню The Bell запрошаны навуковы супрацоўнік амэрыканскага дасьледчага цэнтру CEPA Аляксандар Каляндр.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG