Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Італіі былы муж забіў беларуску і прывёз яе цела ў паліцыю


Ганна Сьвірыдзенка. Фотакаляж з тэлеграм-каналу Народнай амбасады Беларусі ў Італіі
Ганна Сьвірыдзенка. Фотакаляж з тэлеграм-каналу Народнай амбасады Беларусі ў Італіі

Пра жорсткае забойства ў італьянскім горадзе Модэна стала вядома 11 чэрвеня. Цяпер Народная амбасада Беларусі ў Італіі паведаміла, што забітая былым мужам-італьянцам Ганна Сьвірыдзенка — беларуска. У яе засталіся двое дзяцей.

Як пісала італьянскае інфармагенцтва ANSA, 48-гадовы інжынэр Андрэа Пальтрыньеры ўначы прыехаў у паліцэйскі ўчастак зь целам сваёй забітай жонкі 40-гадовай Ганны Сьвірыдзенкі ў машыне і сказаў пра гэта паліцыянтам. Яны знайшлі ў багажніку труп жанчыны. Як выявіла судова-мэдычная экспэртыза, на галаве жанчыны быў поліэтыленавы пакет, завязаны вакол шыі электрычным провадам. Пад пакетам, як выявілася, шыя жанчыны была сьцягнутая рамянём.

Мужчыну арыштавалі па падазрэньні ў наўмысным забойстве пры абцяжарваючых абставінах.

Першапачаткова італьянскія СМІ пісалі, што загінулая была «італьянкай расейскага паходжаньня», але, як пазьней высьветлілася, Ганна Сьвірыдзенка была беларускай, паведаміла Народная амбасада Беларусі ў Італіі.

«Ганна — грамадзянка Італіі зь беларускімі каранямі. Яна была доктарам і мела дзьве адукацыі, працавала ў аўстрыйскай клініцы ў Інсбруку, была дасьледчыцай і публіцысткай і заканчвала спэцыялізацыю па радыялёгіі ў Модэне. Жанчына рабіла ўсё магчымае, каб сумяшчаць працу і выхаваньне дзяцей, якія былі зь ёю тры тыдні ў месяц», — паведамілі ў Народнай амбасадзе.

Перад трагедыяй яна якраз вярнулася з Аўстрыі па дзяцей, каб разам зь імі паехаць на адпачынак. Матывам забойства, паводле папярэдняй вэрсіі, стала жаданьне маці аформіць поўную апеку над дзецьмі — у пары двое дзяцей, ім 2 і 3 гады.

«Зараз бацькі Ганны намагаюцца прыехаць у Італію. Забойца знаходзіцца пад арыштам, дзеці — у родных з боку бацькі», — паведамілі ў Народнай амбасадзе Беларусі ў Італіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG