11 чэрвеня адбыўся пажар на Наваполацкім ААТ «Нафтан». Падразьдзяленьні МНС ліквідавалі ўзгараньне, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Беларусі.
Паводле МНС, гарэў блёк абаротнага водазабесьпячэньня ў градзірні (прыладзе, прызначанай для ахаладжэньня вялікай колькасьці вады накіраванай плыньню атмасфэрнага паветра).
«Папярэдне ў выніку інцыдэнту атрымаў апёкі мужчына 1975 году нараджэньня, работнік спэцыялізаванага рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня № 3 гораду Наваполацку», — паведаміла МНС.
Прычына пажару высьвятляецца.
Іншыя падрабязнасьці пра здарэньне і пра стан пацярпелага работніка пакуль невядомыя.
Паводле МНС Беларусі, за мінулы дзень (з 06:00 да 06:00) у Беларусі адбылося 7 пажараў, з пачатку 2024 году — 2665. З пачатку 2024 году ў выніку пажараў у Беларусі загінулі 277 чалавек, яшчэ 239 атрымалі траўмы.
Форум