Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя намалявалі серп і молат на працы беларускай мастачкі ў варшаўскай галерэі


Актывістка Яна Шостак. Архіўнае фота
Актывістка Яна Шостак. Архіўнае фота

Невядомыя разбурылі выставу мастачкі Яны Шостак, якая знаходзілася ў варшаўскім музэі Захэнта. Яны скралі шалік з выявамі беларускіх палітвязьняў і намалявалі серп і молат на адным з экспанатаў. Пра гэта піша «Gazeta Wyborcza»

«Я думала, што пасьля многіх гадоў актывізму вяртаньне ў мастацтва стане для мяне бясьпечнай прасторай, нечым прыемнай. Выйшла інакш», — цытуе польска-беларускую мастачку і актывістку Яну Шостак выданьне «Gazeta Wyborcza».

Шостак падрыхтавала ў варшаўскім музэі Захэнта часовую выставу. Яна адкрылася ў пятніцу і на наступны дзень была разбурана. У сшытку, уключаным у выставу, нехта намаляваў серп і молат. Таксама зьнік шалік з выявамі беларускіх палітвязьняў. Невядомыя парэзалі паляроідныя здымкі Шостак і размалявалі некаторыя элемэнты экспазыцыі аэразольнай фарбай.

Прэс-сакратарка музэю Юстына Выдра паведаміла, што выстава пад назвай «Сьлёзы шчасьця» заахвочвала гледачоў адкрыць для сябе сучаснае мастацтва праз інтэракцыю з асобнымі творамі і пэрформансамі. Некаторыя зь іх, у адпаведнасьці з пажаданьнямі мастакоў, спэцыяльна падрыхтаваныя да ўзаемадзеяньня.

«Я разумею, што мая праца магла быць дадатковай нагрузкай для аховы, таму што яна знаходзілася ў калідоры, з інфармацыяй, што яе можна паглядзець і памацаць. Але не разбураць», — заявіла Шостак.

Пра разбурэньне працы яна даведалася ад супрацоўнікаў Захэнты.

Ёанна Корд'як, адна з куратарак выставы, расказала, што ў Яны быў свой куток-майстэрня каля лесьвіцы. Там былі стосы кніг, альбомы для маляваньня і таксама прылады для маляваньня, такія як аэразольныя фарбы, і запіска пра тое, што да кніг можна дакранацца.

«Гэта быў першы дзень выставы, адчыненай для публікі, і Яны не было ў студыі. Зьявіліся двое маладых людзей, селі за стол і ўспрынялі яго як інтэрактыўную прастору для майстар-клясаў. Яны пачалі размалёўваць экспанаты Яны. Служба бясьпекі не была гатовая да такіх сытуацый і не рэагавала своечасова», — расказала куратарка.

Мастачка падкрэсьлівае, што больш за ўсё ёй шкада скрадзенага шаліка з выявамі беларускіх палітвязьняў.

Куратарка Корд'як, у сваю чаргу, адзначыла, што не падазрае злачынцаў у сьвядомым жаданьні разбурыць студыю Яны Шостак.

«Мусіць, яны нават апісаньня не чыталі. Я ня думаю, што гэта была палітычная атака, проста прыступ падлеткавага глупства», — заявіла яна.

Шостак лічыць, што такія дзеяньні — «гэта, безумоўна, прыкмета часу».

«Сам факт, што нехта пракраўся ў Захэнту і зьнішчыў маю працу, вельмі сумны. Гэта паказвае, наколькі нам не хапае культуры дыялёгу і самапавагі», — сказала мастачка.

На гэты момант Яна Шостак вырашыла, што праца застанецца ў Захэнце такой, якая яна ёсьць. Да апісаньня выставы яна прыклала нататку, якая тлумачыць тое, што адбылося. Галерэя не паведаміла пра здарэньне ў паліцыю.

  • Яна Шостак — мастачка-акцыяністка, вырасла ў Горадні. У яе польскае паходжаньне, але сябе Яна ідэнтыфікуе як беларускую польку — і польку, і беларуску.
  • У 2020 годзе яна стала вядомая праз мастацкую акцыю крыку ў грамадзкіх месцах. Яна актыўна ўдзельнічала ў дапамозе палітычным уцекачам зь Беларусі, а пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пайшла ў валянтэры, каб дапамагаць украінцам.
  • Першую спробу трапіць у Сэйм Яна Шостак зрабіла са сьпісу памяркоўна-лібэральнай «Грамадзянскай кааліцыі», на чале якой стаіць былы польскі прэм’ер Дональд Туск.
  • Шостак балятавалася ў Падляскім ваяводзтве, дзе жыве шмат беларусаў. Але пасьля прапановы легалізаваць у Польшчы аборты яна страціла месца ў сьпісе. У кааліцыі наконт гэтага пазыцыя больш стрыманая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG