Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны» высьветлілі, як рэктар БДУ праводзіў «чысткі» ва ўнівэрсытэце і падманваў адміністрацыю Лукашэнкі дзеля ўласнай выгады


Андрэй Кароль
Андрэй Кароль

Раней «Кібэрпартызаны» атакавалі ўнутраную сетку БДУ і атрымалі больш за 3 тэрабайты дадзеных, зь якіх вынікае рэальная сытуацыя ва ўнівэрсытэце, дзе ўжо некалькі год працягваюцца рэпрэсіі.

Пасьля фальсыфікацыі выбараў 2020 году рэктар БДУ Андрэй Кароль адкрыта прадэманстраваў прыхільнасьць да дыктатуры, адзначаюць «Кібэрпартызаны» ў другой частцы свайго расьсьледаваньня, прысьвечанага БДУ. Пры гэтым у верасьні таго году Кароль запісаў афіцыйны зварот, у якім паабяцаў, што звальненьняў і адлічэньняў з палітычных матываў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ня будзе.

Аднак з таго часу ўнівэрсытэт праз рэпрэсіі пакінулі сотні выкладчыкаў і студэнтаў.

Актыўна ўдзельнічаючы ў рэпрэсіях, Андрэй Кароль у 2021 годзе падаў заяву на будаўніцтва трохпакаёвай кватэры ў мікрараёне Лошыца-7. Але атрымаў адмову, вынікае з дадзеных «Кібэрпартызанаў». У афіцыйным лісьце намесьнік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну тлумачыць, што на сям’ю з двух чалавек з улікам дэфіцыту будаўніцтва жыльля ў Менску трохпакаёвая кватэра не разьлічаная.

Тады Кароль зьвярнуўся да тагачаснага міністра адукацыі Ігара Карпенкі, каб той накіраваў ад свайго імя ліст з прашэньнем «на самы верх».

«Кібэрпартызаны» апублікавалі адзін з варыянтаў гэтага ліста на імя Аляксандра Лукашэнкі, у якім сярод заслуг Караля прыводзяцца палітычныя «чысткі» ва ўнівэрсытэце.

Андрэй Кароль жанаты, дзяцей ня мае. Аднак, мяркуючы па перапісках у Viber, толькі за апошнія 4 гады ў рэктара было як мінімум 7 прыхільніц і каханак, кажуць «Кібэрпартызаны».

Некаторыя палюбоўніцы Андрэя Караля — выпускніцы ці былыя супрацоўніцы БДУ. Зь некаторымі зь іх адносіны разьвіваліся на працоўным месцы. Было, што і зь некалькімі адначасова.

На сёньня найбольш цесныя адносіны ў Андрэя Караля складаюцца з былой выпускніцай БДУ Кацярынай Б., якая скончыла ўнівэрсытэт у 2018 годзе па спэцыяльнасьці «Сучасныя замежныя мовы» (выкладаньне).

Кацярына замужам за грамадзянінам Украіны, яна маці трайнят. Знаёмая і з жонкай Караля. Іх семʼі нават пэрыядычна бавяць час разам.

«Высьветлілася, што палюбоўнікі абменьваюцца таемнымі паведамленьнямі праз сэрвіс Dropbox. У перапісках з каханкамі Кароль часта закранае тэму палітыкі. Выбірае аднадумак, якія таксама падтрымліваюць вайну Расеі ва Ўкраіне», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Таксама паведамляецца, што, напрыклад, з Кацярынай П., якая пражывае ў РФ, Кароль пэрыядычна бачыцца падчас паездак у Расею.

«Кібэрпартызанам» стала вядома і тое, што Андрэй Кароль падманвае «сыстэму, на якую працуе, калі яму гэта выгадна».

Таму прыклад — гісторыя з анкетаваньнем, якое было запушчана з ініцыятывы адміністрацыі Лукашэнкі. 10 ліпеня 2023 году рэктар БДУ атрымаў загад правесьці апытаньне сярод выкладчыкаў ВНУ, якое, сярод іншага, тычылася ацэнкі ягонае працы. Аднак пытаньнямі анкеты Андрэй Кароль ня быў задаволены і ўспрыняў гэта як спробу знайсьці падставу для ягонага звальненьня, пра якое на той момант ужо актыўна хадзілі чуткі ва ўнівэрсытэцкім асяродзьдзі, тлумачаць «Кібэрпартызаны».

На адным з кампутараў ва ўнутранай сетцы БДУ «Кібэрпартызаны» знайшлі захаваныя аўдыёзапісы, якія, верагодна, былі перасланыя на галасавую пошту аднаго з супрацоўнікаў і захаваныя як кампрамат на калегаў.

«Калекцыя зь дзясяткаў аўдыёзапісаў шмат у чым пралівае сьвятло на „ўнутраную кухню“ кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Дзякуючы гэтым запісам у відэачастцы расьсьледаваньня мы падрабязна раскрылі, як Андрэй Кароль вырашыў сабатаваць анкетаваньне і правесьці апытаньне толькі сярод тых выкладчыкаў, якія яго падтрымліваюць. Такім чынам, у адміністрацыі Лукашэнкі атрымалі толькі тыя вынікі, якія былі зручныя рэктару ўнівэрсытэту», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Рэктар БДУ, паводле «Кібэрпартызанаў», адправіў у адміністрацыю Лукашэнкі вынікі анкетаваньня, паводле якіх узаемаадносінамі з кіраўніцтвам унівэрсытэту задаволеныя больш за 78% выкладчыкаў, а маральна-псыхалягічным кліматам задаволеныя звыш 90% супрацоўнікаў.

Аднак, паводле дадзеных «Кібэрпартызанаў», шэраг супрацоўнікаў не былі задаволеныя Андрэем Каралём, пра што той быў паінфармаваны. Таму Кароль хацеў усяляк паспрыяць звальненьню калегаў, сярод якіх Ганна Бакун (удзельнічала ў палітычных рэпрэсіях супраць студэнтаў БДУ), намесьнік начальніка ўпраўленьня па выхаваўчай працы Ягор Падаляк (актыўна падтрымліваў рэжым), начальнік упраўленьня экспэртнай і аналітычнай працы Яўген Харук (раней шпіёніў для яго за студэнтамі і выкладчыкамі, у тым ліку ў пратэставых групах), дэкан мэханіка-матэматычнага факультэту Сяргей Басякоў (удзельнічаў у палітычных рэпрэсіях у БДУ)

«Сытуацыя з масавымі палітычнымі звальненьнямі і закуліснымі інтрыгамі, якая склалася ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, на жаль, толькі прыклад таго, чым стала ўся сыстэма адукацыі пры дыктатару Лукашэнку (...) Публікацыя асабістай інфармацыі і таемных махінацый кіраўніцтва БДУ стала вынікам таго, што замест адукацыйнай і навуковай дзейнасьці ВНУ працягвае займацца палітычнымі чысткамі», — адзначылі «Кібэрпартызаны».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG