Брытанскае выданьне The Guardian цытуе першыя праекцыі на агульныя вынікі па колькасьці дэпутатаў у Эўрапарлямэнце паводле экзыт-полаў у эўрапейскіх краінах. Вось як могуць выглядаць фракцыі:
- Правацэнтрысцкая Эўрапейская народная партыя: 181 дэпутат
- Сацыялісты і дэмакраты: 135
- Лібэральная фракцыя Абнавіць Эўропу: 82
- Эўрапейскія кансэрватары і рэфармісты: 71
- Крайне правая фракцыя Ідэнтычнасьць і дэмакратыя: 62
- Зялёныя: 53
- Левыя: 34
The Guardian таксама цытуе вынікі шэрагу апытаньняў па краінах:
- Экзыт-полы на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт у Нямеччыне, дзе а 18-й гадзіне мясцовага часу завяршылася галасаваньне, паказваюць ясную перамогу кансэрватыўнага альянсу ХДС/ХCC, які набірае каля 30% галасоў.
- Крайне правая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны» мае атрымаць каля 16% галасоў, гэта істотна ўзмацняе яе пазыцыі;
- Сацыял-дэмакратычная партыя — каля 14%.
- Партыі Зялёных прагназуюць каля 12% — гэта нашмат менш, чым на выбарах 2019 году, калі гэтая партыя атрымала 20.5% галасоў.
- Агулам усе партыі цяперашняй урадавай кааліцыі канцлера Оляфа Шольца страцілі пазыцыі.
Паводле апытаньняў у Францыі:
- Наперадзе крайне правае Нацыянальнае аб'яднаньне (каля 32%)
- Урадавая лібэральная цэнтрысцая партыя «Адраджэньне» мае каля 15%
- Сацыялісты маюць каля 14%
У выніку прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясьціў, што распускае Нацыянальны сход Францыі і абвяшчае датэрміновыя парлямэнцкія выбары.
Паводле папярэдніх ацэнак, на выбарах у Польшчы:
- Урадавая Грамадзянская кааліцыя атрымала каля 38%
- Кансэрватыўная партыя Права і справядлівасьць мае каля 34%
- Крайне правая Канфэдэрацыя мае каля 12%
Паводле апытаньняў у Гішпаніі:
- Найбольш набірае кансэрватыўная Народная партыя (каля 32%)
- На другім месцы Сацыялістычная партыя, якая цяпер ва ўладзе (каля 30%)
- На трэцім месцы крайне правая партыя Vox (каля 10%)
Экзыт-полы ў Аўстрыі паказваюць:
- першае месца крайне правай Партыі свабоды — каля 27%.
- Кансэрватыўнай Народнай партыі і Сацыял-дэмакратычнай партыі прагназуюць прыблізна па 23%.
У Нідэрляндах апытаньні прагназуюць:
- першае месца леваму альянсу Партыі працы і Партыі Зялёных (каля 22%)
- Другое месца прагназуюць крайне правай Партыі свабоды (каля 18%)
- Далей ідуць дзьве кансэрватыўныя партыі – Народная партыя за свабоду і дэмакратыю (каля 12%) і Хрысьціянска-дэмакратычны заклік (каля 10%)
Па выніках апытаньняў у Грэцыі:
- першае месца прагназуюць лібэральна-кансэрватыўнай партыі Новая дэмакратыя (каля 30%)
- левая партыя Сырыза мае атрымаць каля 17%
- сацыял-дэмакратычная партыя PASOK – каля 12%
Паводле апытаньняў у Харватыі:
- першае месца прагназуюць кансэрватыўнай партыі Харвацкі дэмакратычны зьвяз (HDZ) — каля 34%
- Сацыял-дэмакратычная партыя мае атрымаць каля 28%
- нацыяналістычная партыя «Рух Айчыны» (DP) мае каля 9%
Паводле апытаньняў у Баўгарыі:
- першае месца прагназуюць правацэнтрысцкаму сьпісу GERB-SDS (каля 26%)
- Далей ідуць цэнтрысцкая партыя «Мы працягваем зьмены – Дэмакратычная Баўгарыя» (каля 16%) і нацыяналістычная партыя «Адраджэньне» (каля 15%)
Агулам у Эўразьвязе каля 370 мільёнаў выбарнікаў. Выбіраюцца 720 дэпутатаў, колькасьць мандатаў для кожнай краіны вызначаецца колькасьцю яе насельніцтва. Выбары праходзяць па прапарцыйнай сыстэме, але кожная краіна самастойна вызначае правілы разьмеркаваньня мандатаў. У прыватнасьці, у Нямеччыне на выбарах у Эўрапарлямэнт няма 5% бар’ера, як на выбарах у Бундэстаг. У выніку краіну ў парлямэнце змогуць прадстаўляць і дэпутаты ад малых партыяў.
На выбарах, паводле апытаньняў, чакалася ўзмацненьне пазыцый правых сілаў. Правыя папулісты і эўраскептыкі, а таксама больш памяркоўныя нацыянал-кансэрватары, могуць прэтэндаваць прыкладна на чвэрць месцаў — больш, чым у цяперашнім скліканьні — у тым ліку за кошт чаканага посьпеху гэтых сілаў у такіх буйных краінах, як Францыя, Італія і Нідэрлянды.
У цэлым чакаецца, што першае месца на выбарах зоймуць правацэнтрысты — Эўрапейская народная партыя. Яна вылучыла цяперашнюю кіраўніцу Эўракамісіі Урзулю фон дэр Ляен на другі тэрмін.
Большасьць палітычных сілаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, выступаюць у падтрымку Ўкраіны і за жорсткую палітыку ў дачыненьні да Расеі. Гэтай пазыцыі прытрымліваецца і большая частка правых. Частка правых і левых папулістаў, аднак, выступае супраць падтрымкі Ўкраіны. Сярод іншых важных тэмаў — міграцыя, палітыка ў сувязі са зьменамі клімату, эканамічныя пытаньні, у тым ліку цэны на энэрганосьбіты, пытаньні бясьпекі.
Напярэдадні выбараў спэцслужбы шэрагу эўрапейскіх дзяржаў, у прыватнасьці Чэхіі і Бэльгіі, заявілі пра раскрыцьцё расейскай сеткі ўплыву, зь якой, як сьцьвярджаецца, супрацоўнічалі і некаторыя вядомыя палітыкі, галоўным чынам правыя папулісты. Мэтай гэтай сеткі, сярод іншага, было аказаць уплыў на выбары ў Эўрапарлямэнт.