Сярэднямесячная намінальная і рэальная заработная плата за першы квартал 2024 году вырасла ва ўсіх краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), сьведчаць праведзены «Позіркам» аналіз лічбаў Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК).
Намінальная зарплата ў Расеі склала 888 даляраў у эквіваленце (+19,5% да ўзроўню студзеня–сакавіка 2023-га), Казахстане — 849 (+12,3%), Армэніі — 702 (+8,2%), Беларусі — 643 (19,4%), Кіргізстане — 381 (11%).
Паводле зьвестак ЭЭК, рэальная заработная плата (яе ўзровень вылічваецца з улікам індэксу спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у гадавым вымярэньні больш за ўсё вырасла ў Беларусі (+13%). Далей ідуць Расея (11%), Армэнія (9,5%), Кіргізстан (5,3%), Казахстан (2,7%).
Сярэднямесячная намінальная зарплата за 2023 год вырасла ва ўсіх краінах ЭАЭС і склала: у Расеі — 871 даляр (14,1% да ўзроўню 2022-га), Казахстане — 791 (17,1%), Армэніі — 688 (14, 6%), Беларусі — 628 (16,7%), Кіргізстане — 367 (20,3%).
Паводле зьвестак ЭЭК, рэальная зарплата ў гадавым вымярэньні больш за ўсё вырасла ў Армэніі (12,4%). Далей ідуць Беларусь (11%), Кіргізстан (8,6%), Расея (7,8%), Казахстан (2,3%).
Самыя высокія тэмпы росту намінальнай зарплаты ў 2022 у параўнаньні з 2021 былі зафіксаваныя ў Кіргізстане (31,8%) і Казахстане (23,8%). За імі ішлі Армэнія (15,5%), Беларусь (13,1) і Расея (12,6%).
У аналягічным параўнаньні рэальных заробкаў наперадзе Кіргізстан (15,7%), Казахстан (7,7%) і Армэнія (6,3%). У Беларусі і Расеі гэты паказьнік зьнізіўся на 1,8% і 1% адпаведна.
Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта плянавымі) парамэтрамі разьвіцьця краіны на 2024 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасьці на 3,5%, рэальныя зарплаты — на 3,9%, намінальная сярэднямесячная зарплата павінна ўзрасьці да 2087 рублёў (у бюджэтным сэктары да 1634 рублёў).
Форум