Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДнепраГЭС «у крытычным стане» пасьля расейскіх удараў


Папярэдні ўдар па ДнепраГЭС, 22 сакавіка 2024 году.
Папярэдні ўдар па ДнепраГЭС, 22 сакавіка 2024 году.

Дняпроўская ГЭС — найбуйнейшая гідраэлектрастанцыя Ўкраіны, разьмешчаная ў горадзе Запарожжа — была ў ліку аб’ектаў энэргетыкі, якія зазналі ў ноч на 1 чэрвеня ракетны удар расейскіх войскаў.

Пра крытычны стан станцыі паведаміў кіраўнік Запароскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў. У эфіры тэлеканалу «Рада» Фёдараў заявіў, што ДнепраГЭС знаходзіцца «ў крытычным стане» і зараз не выпрацоўвае электраэнэргію.

Акрамя таго, з прычыны наступстваў удараў перакрыты рух па плаціне ГЭС з аднаго берага Дняпра на іншы. Як напісаў Фёдараў у тэлеграме, у выходныя дні рух па плаціне не адкрыецца. Рашэньне аб гэтым было прынятае «пасьля падрабязнага абсьледаваньня наступстваў варожага ракетнага ўдару». Ён заклікаў скарыстацца іншымі мастамі праз Дняпро у Запарожжы.

Расейскія праваенныя тэлеграм-каналы публікуюць відэа меркаванага трапляньня ракет у аб’екты ДнепраГЭС. Пацьвердзіць яго сапраўднасьць у дадзены момант немагчыма.

ДнепраГЭС ужо была мэтай расейскіх ракетных удараў у ноч на 22 сакавіка. Тады паведамлялася, што адна ракета патрапіла ў апору ГЭС-2, разбураны падкранавыя бэлькі. Разбурана таксама машынная заля і абсталяваньне. Пацярпела і ГЭС-1. Аб пагрозе прарыву плаціны не паведамлялася.

Усяго ў ноч на 1 чэрвеня ў выніку расейскага ўдару пашкоджьанні былі нанесеныя дзьвюм ГЭС, дзвюм ТЭС і іншым аб’ектам энэргетычнай інфраструктуры ў Запароскай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Кіраваградзкай, Віньніцкай, Івана-Франкоўскай, Закарпацкай і Львоўскай абласьцях. Паведамлялася аб каля 20 пацярпелых.

Уначы трывога аб’яўлялася амаль на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны. Па дадзеных Паветраных сіл украінскай арміі, Расея выпусьціла па краіне 53 ракеты розных тыпаў і 47 ударных бесьпілётнікаў. Зь іх удалося зьбіць 35 ракет і 46 дронаў. Паведамлялася, што падчас нападу ў паветра для магчымых перахопаў ракет у выпадку іх трапляньня ў польскую паветраную прастору паднімаліся зьнішчальнікі ў Польшчы. Удары наносіліся ў тым ліку па заходняй Украіне, недалёка ад польскай мяжы.

Расейскае Міністэрства абароны паведаміла, што войска нанесла групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасьці па аб’ектах энэргетыкі Ўкраіны, якія забясьпечваюць працу прадпрыемстваў вайскова-прамысловага комплексу. Ведамства назвала атакі адказам на спробы Кіева «нанесьці ўрон аб’ектам расейскай энэргетыкі і транспарту».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG