Жыхару Кобрына далі 10 дзён арышту за «распаўсюджваньне экстрэмізму» — кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды ды Касьцюшкі», якая стаяла ў яго дома на паліцы. На гэты выпадак зьвярнуў увагу партал «Зеркало».
У судзе кобрынец віну адмаўляў. Ён настойваў, што ніякага «экстрэмізму» ён распаўсюджваць не плянаваў, кнігу нікому не паказваў і ўвогуле забыўся пра тое, што яна ў яго калі-небудзь была. Аднак суд з такімі довадамі не пагадзіўся: калі выданьне стаяла на паліцы, значыць, «публічна дэманстравалася» (яе маглі ўбачыць «як мінімум сямейнікі»), а калі «публічна дэманстравалася», значыць, «распаўсюджвалася».
Падрабязнасьці адміністрацыйнай справы прыводзяцца ў пастанове, апублікаванай у банку судовых рашэньняў.
Міліцыя даведалася пра наяўнасьць у доме жыхара Кобрыня «экстрэмісцкай» кнігі па даносе. Хто яго напісаў напісаў, у пратаколе не пазначана. Пасьля паступленьня інфармацыі супрацоўнікі Кобрынскага РАУС прыехалі на месца жыхарства мужчыны для «агляду домаўладаньня».
«Пры аглядзе жытла на першым паверсе дома ў кніжнай шафе ў адкрытым доступе ім у вочы кінулася кніга „Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі“, якая выклікала падазрэньне», — гаворыцца ў пастанове суду.
Пільныя супрацоўнікі зьверыліся з рэспубліканскім сьпісам экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўстанавілі, што гэтае выданьне ўнесена ў пералік. Яны праверылі ноўтбук і тэлефон уладальніка кнігі, але там нічога падазронага не знайшлі.
У выніку мужчыну затрымалі і склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (Захоўваньне з мэтай распаўсюджваньня інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
У судовым паседжаньні ўладальнік кнігі віны не прызнаў. Ён падкрэсьліў, што рашэньнем суду Цэнтральнага раёну Менску ў «экстрэмісцкі» пералік было ўключана другое выданьне кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды ды Касьцюшкі», а ў яго дома на паліцы ляжала першае. Кнігу яму падарылі на 60-гадовы юбілей. Ён паставіў яе ў шафу «як падарунак, дзе захоўваў бяз мэты распаўсюджваньня», чытаць яе нікому не даваў, а з часам і зусім забыўся, што такая літаратура ў яго ёсьць.
Аднак суд Кобрынскага раёна з гэтым довадам не пагадзіўся, бо «сам факт разьмяшчэньня і захоўваньня такой інфармацыі ў адкрытым доступе ў кніжнай шафе быў накіраваны на публічную дэманстрацыю і на азнаямленьне як мінімум сямейнікаў».
На довад аб тым, што «экстрэмісцкім» было прызнана толькі другое выданьне кнігі, а не першае, суд таксама знайшоў што запярэчыць.
«Гэты довад зьняпраўджваецца зьвесткамі выдавецтва, паколькі ў выкананьне рашэньня суду Цэнтральнага раёну Менску ад 18 кастрычніка 2022 году было зьнішчана як другое, так і першае яе выданьне, з чаго вынікае, што згаданыя выданьні былі ідэнтычныя, акрамя таго, пры другім выданьні кнігі ў ёй не ўказана інфармацыя аб тым, што другое выданьне дапоўнена, дапрацавана або зьменена, яго назва і колькасьць старонак у другім выданьні ня зьменена, у сувязі з чым суд прыходзіць да высновы, што першае выданьне зьяўляецца ідэнтычным другому і зьяўляецца экстрэмісцкім матэрыялам», — заключыў суд.
У выніку мужчыну прызналі вінаватым і прызначылі дзесяць содняў арышту. Кнігу сканфіскавалі.
- У лістападзе 2023 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» некаторыя творы клясыка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Яшчэ раней прызналі экстрэмісцкімі некаторыя творы Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Някляева, іншых беларускіх літаратараў.
Форум