Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адкрылі новае радовішча нафты, пасьля таго як гэтага запатрабаваў Лукашэнка


Ілюстрацыйнае фота. На адным з радовішчаў у Гомельскай вобласьці
Ілюстрацыйнае фота. На адным з радовішчаў у Гомельскай вобласьці

У Беларусі адкрылі новае радовішча нафты ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласьці. Пра гэта заявіў міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргей Масьляк, перадае БЕЛТА.

«Для пошуку новых радовішчаў нафты Навукова-вытворчы цэнтар геалёгіі ажыцьцявіў... сьвідраваньне сьвідравіны нумар 1 „Заазер’еўскае“ на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Глыбіня сьвідравіны складае 4,2 тыс. м. Дзякуючы прымяненьню тэхналёгій кіслотна-салянога разрыву пласта на адзнацы 4053 м і 4069 м выяўлены прыток нафты», — заявіў Сяргей Масьляк.

Паводле чыноўніка, дэбіт сьвідравіны складае 600 літраў за суткі, і гэта нядрэнны вынік. «У сувязі з гэтым можна гаварыць аб тым, што мы адкрылі новае радовішча нафты», — канстатаваў міністар.

Супрацоўнікі НПЦ па геалёгіі ўдакладнілі аб’ёмы запасаў. Паводле папярэдніх ацэнак, яны складаюць 152 тыс. т нафты. Пасьля таго як гэтыя аб’ёмы пацьвердзіць Рэспубліканская камісія па карысных выкапнях, радовішча перададуць на дзяржаўны балянс, а далей — у «Беларуснафту» для прамысловай здабычы.

Прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць 44,7 млн т.

«У год мы здабываем каля 1,9 млн т нафты, што складае ўсяго 15% ад патрэбаў народнай гаспадаркі. Нас чакае сур’ёзная праца ў частцы адкрыцьця новых радовішчаў і дасьледаваньня ўжо разьведаных. Усяго на тэрыторыі нашай краіны адкрыта 96 радовішчаў нафты, зь іх 36 знаходзяцца ў працы», — сказаў Сяргей Масьляк.

У сакавіку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня верыць, што ў Беларусі выпампавалі ўсю нафту, і запатрабаваў шукаць лепей.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG