Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Расеі пакінуў пад вартай журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву


Алсу Курмашава падчас слуханьняў у судзе ў Казані, 1 красавіка 2024 году
Алсу Курмашава падчас слуханьняў у судзе ў Казані, 1 красавіка 2024 году

Алсу Курмашава знаходзіцца ў зьняволеньні больш за 7 месяцаў. Абарона журналісткі настойвала на зьмене меры стрыманьня на хатні арышт.

31 траўня Савецкі раённы суд Казані задаволіў хадайніцтва сьледзтва і працягнуў да 5 жніўня арышт журналістцы татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашавай. Пра гэта паведамляе SOTA, а таксама прэс-служба суду.

Абарона журналісткі настойвала на зьмене меры стрыманьня на хатні арышт, аднак суд у гэтым адмовіў. Такім чынам, Алсу Курмашова знаходзіцца ў зьняволеньні больш за 7 месяцаў — з 18 кастрычніка мінулага году.

На сёньняшняе пасяджэньне, паводле зьвестак «Idel.Реалии», прыехалі прадстаўнікі пасольстваў Аўстраліі і Чэхіі. У той жа час працэс па хадайніцтве сьледзтва прайшоў у закрытым у рэжыме. Прэсу і супрацоўнікаў дыпмісій запусьцілі ў залю паседжаньня, калі суд пайшоў у дарадчы пакой для вынясеньня рашэньня.

Перад абвяшчэньнем рашэньня Алсу Курмашава паказала журналістам дзіцячыя малюнкі, якія ёй прыслалі.

— Мне незалежна адзін ад аднаго бацькі прыслалі малюнкі сваіх дзяцей. Я ня ведаю гэтых людзей. Вось гэта малюнак трохгадовай дзяўчынкі з Санкт-Пецярбургу, а вось гэта малюнак амэрыканскага хлопчыка. Бацькі папрасілі іх намаляваць свабоду, шчасьце, радасьць, і вось дзеці намалявалі такія цудоўныя малюнкі. Улічваючы тое, што, мабыць, гэта адзіная трава і дрэва, якія я ўбачу гэтым летам, гэта неацэнна. І напярэдадні 1 чэрвеня гэта найлепшае, што можа быць, — сказала журналістка.

Выданьне SotaVision піша, што Алсу Курмашава, паводле яе, стабільна горш сябе адчувае. Маўляў, у яе такія дыягназы, пры якіх здароўе не палепшыць: «Можна толькі захаваць тое, што ёсьць». Яна падкрэсьліла, што ёй патрэбна апэратыўнае ўмяшаньне.

Журналістка таксама расказала, што апошні раз чула галасы сваіх дзяцей у кастрычніку 2023 году. У яе няма дазволу на званкі.
На мінулым судовым паседжаньні, якое адбылося 1 красавіка, журналістка адзначала, што ў яе «абвастрыліся пэўныя дыягназы», ёй «ня вельмі добра фізычна, бытавыя ўмовы вельмі дрэнныя».

Алсу Курмашава таксама расказвала пра ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА:

«Камэра 5 квадратных мэтраў на дваіх... Няма гарачай вады... Замест унітаза — дзірка ў падлозе. Няма нават паўмэтра вольнага! Два ложкі і няма стала, абшарпаныя сьцены. Рамонту, напэўна, не было паўстагодзьдзя».

— Я не разумею, чаму яна знаходзіцца ў такіх умовах. За што? Алсу не заслужыла гэтага. Мы вельмі па ёй сумуем, яна павінна быць з намі, тут, са сваёй сямʼёй, а не ў гэтай малюсенькай камэры ў Расеі, — казаў у красавіку муж Алсу Павел Буторын.

Алсу Курмашаву абвінавачваюць паводле двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Расеі: ч. 3 арт. 330.1 КК РФ («Невыкананьне вызначанага заканадаўствам РФ абавязку падаваць ва ўпаўнаважаны орган дакумэнты, неабходныя для ўключэньня ў рэестар іншаземных агентаў, учыненае асобай, якая ажыцьцяўляе мэтанакіраваны збор зьвестак у галіне вайскова-тэхнічнай дзейнасьці РФ, якія пры іх атрыманьні замежнымі крыніцамі могуць быць выкарыстаныя супраць бясьпекі РФ») і пункту «д» ч. 2 арт. 207.3 КК РФ («Распаўсюджваньне фэйкаў аб арміі па матывах палітычнай нянавісьці»).

У першай справе сьледзтва лічыць, што Алсу Курмашава павінна была самастойна падаць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар «іншаземных агентаў». Пры гэтым у адпаведным рэестры Міністэрства юстыцыі яе няма. У другой справе журналістцы ставяць у віну распаўсюджваньне кнігі «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну», якую рэдакцыя «Idel.Реалии» прэзэнтавала восеньню 2022 году.

  • У Алсу Курмашавай двайное грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе з мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году прыехала ў родны горад Казань да хворай маці. 2 чэрвеня ў аэрапорце Казані — перад вылетам дадому ў Прагу — яе затрымалі сілавікі. У яе канфіскавалі амэрыканскі і расейскі пашпарты. Празь некалькі дзён на журналістку завялі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве (арт. 330.2 КК).
  • Пазьней ёй выставілі абвінавачаньне ў тым, што яна не зьвярнулася да ўладаў і не папрасіла зарэгістраваць яе ў якасьці «іншаземнага агента» (ч. 3 арт. 330.1 КК). Празь яшчэ амаль два месяцы на яе завялі новую крымінальную справу — аб распаўсюджваньні «фэйкаў» аб расейскай арміі. Падставай стала апублікаваная рэдакцыяй Idel.Рэаліі кніга «Не — вайне. 40 гісторый расейцаў, якія выступаюць супраць уварваньня ва Ўкраіну».
  • Затрыманьне Алсу Курмашавай асудзілі многія краіны і міжнародныя арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG