Савет міністраў Беларусі сваёй пастановай ухваліў два праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі, прапанаваныя Камісіяй у пытаньнях міжнароднай тэхнічнай супрацы пры ўрадзе.
Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, ідзецца пра праект «Удасканаленьне нацыянальнай інфраструктуры радыяцыйнага маніторынгу і сыстэмы аварыйнага рэагаваньня, а таксама «Умацаваньне інфраструктуры рэгуляваньня ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі на пачатковым этапе эксплуатацыі атамнай электрастанцыі».
Выкананьне першага праекту будзе каардынаваць Міністэрства прыродных рэсурсаў, а другога — Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях.
Аб’ёмы тэхнічнай дапамогі не ўдакладняюць.
Пасьля жорсткага разгону акцыяў пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, міжнародныя арганізацыі спынілі ўсю фінансавую і тэхнічную дапамогу Беларусі.
Сёлета ў сакавіку стала вядома, што Беларусь атрымала міжнародную тэхнічную дапамогу для ўмацаваньня маніторынгу, ацэнкі і справаздачнасьці ў дасягненьні мэтаў устойлівага разьвіцьця, зьвязаных зь міграцыяй.
Мэты ўстойлівага разьвіцьця вызначаныя Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў. Беларусь атрымлівала міжнародную тэхнічную дапамогу на іх рэалізацыю праз інстытуты ААН (UNDP, UNFPA, UNICEF, IOM і іншыя агенцтвы ААН), Усясьветны банк, а таксама Эўразьвяз.
Форум