Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махляры прымусілі жыхарку Стоўбцаў заплаціць «штраф» за данат «падазроным фондам», палохаючы вобшукам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Інтэрнэт-махляры падманам прымусілі 22-гадовую жыхарку Стоўбцаў перавесьці ім больш за 1000 рублёў, пагражаючы ёй адказнасьцю за «спансаваньне падазроных фондаў», паведамляе мясцовая газэта «Прамень».

Паводле сьледзтва, 20 траўня 22-гадовая жыхарка Стоўбцаў атрымала ў мэсэнджэры Telegram паведамленьне нібыта ад свайго кіраўніка, але нумар тэлефона пазначаны ня быў. Той сьцьвярджаў, што нібыта атрымаў з Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК) зьвесткі пра тое, што дзяўчына «спансавала падазроныя фонды» і што зь ёй нібыта зьвяжацца супрацоўнік праваахоўных органаў.

Пасьля гэтага дзяўчыне ў Тэлеграме пазваніў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДК, і сказаў ёй, што праводзіць праверку па факце падазроных апэрацый па яе банкаўскім рахунку. Ілжэсупрацоўнік растлумачыў дзяўчыне, што яе прызналі «саўдзельніцай ашуканцаў», і прыгразіў, што цяпер у яе дома правядуць ператрус, пры гэтым спрабаваў высьветліць, ці ёсьць у яе дома грошы. Пасьля ён сказаў жыхарцы Стоўпцаў, што тая мусіць пералічыць пэўную суму грошай — верагодна, каб пазьбегнуць праблемаў. У выніку пацярпелая перавяла на названы ёй рахунак больш за 1000 рублёў.

Пазьней, усьвядоміўшы, што адбылося, жыхарка Стоўпцаў зьвярнулася да праваахоўнікаў.

Стаўбцоўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў і расьсьледуе крымінальную справу па ч. 1 арт. 209 (махлярства) Крымінальнага кодэксу па факце здарэньня.

  • У 2020 годзе ў адказ на гвалт з боку сілавікоў беларусы пачалі актыўна данаціць у фонды для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Пасьля гэтага за данаты пачалі актыўна выклікаць у КДБ і прасіць не ў працэсуальным парадку ахвяраваць сумы ў шмат разоў большыя за данаты, пагражаючы крымінальнай справай.
  • Паводле МУС Беларусі, толькі з пачатку 2024 году 260 чалавек зрабілі «добраахвотных ахвяраваньняў» на суму больш за 356 тысяч даляраў. Некаторых з тых, хто данаціў, адразу затрымліваюць нібыта за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-2 КК), за што пагражае да 5 гадоў калёніі.
  • Таксама ў Беларусі актыўна перасьледуюць паводле арт. 290-1 КК («фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці») за данаты ў розныя ініцыятывы — напрыклад, у ByPol і «Кібэрпартызанам». Па гэтым артыкуле пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.
  • Апошнім часам беларусаў часьцей пачалі судзіць адразу за фінансаваньне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці. Агулам паводле 2 названых артыкулаў асудзілі сама меней 77 чалавек на 224 гады пазбаўленьня і абмежаваньня волі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG