Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Devby: беларускую кватэру IT-спэцыяліста, у якой жыве маці, арыштавалі за яго ўдзел у акцыях за мяжой


Сілавікі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

IT-спэцыяліст выехаў зь Беларусі некалькі гадоў таму. Ва ўласнасьці ў Беларусі засталася кватэра, у якой жыве ягоная маці.

Як напісала выданьне Devby.io, з канца красавіка амаль кожны дзень у кватэру IT-спэцыяліста, які жыве за мяжой, нехта прыходзіў, стукаў у дзьверы. Як расказаў ён сам, ягоная маці прынцыпова не адчыняла і нават не падыходзіла да дзьвярэй.

«Праз два тыдні ў дзьверы ўжо ня стукалі. Іх адразу вынесьлі, вырашыўшы, відаць, што ў кватэры нікога няма», — расказаў суразмоўца выданьня.

Высьветлілася, што ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ у сувязі з удзелам мужчыны ў «экстрэмісцкай дзейнасьці».

Сам ён расказаў, што «быў пару разоў на замежных акцыях» і нібыта бачыў людзей, якія вялі здымку і маглі працаваць на беларускія спэцслужбы. Такім жа чынам зацікавіліся і ягоным знаёмым, які апошні раз быў на Дні Волі год таму.

У кватэры правялі ператрус, аднак нічога значнага ў межах крымінальнай справы не знайшлі. Пасьля гэтага кватэру мужчыны арыштавалі, маёмасьць апісалі і «перадалі маці на адказнае захоўваньне».

Маці яго пры гэтым працягвае жыць у кватэры. У жанчыны ўзялі падпіску аб невыдаваньні, таму іншых падрабязнасьцяў аб справе мужчына ня ведае, з маці ён не перапісваецца, бо баіцца, што сілавікі маглі ёй «нешта ўсталяваць у тэлефон».

У сярэдзіне траўня ў СК Беларусі заявілі аб тым, што выявілі 104 арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі за мяжой. Супраць іх завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (361-1 КК) і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (369-1 КК).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG