Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне закрылі крымінальныя справы супраць сілавікоў, якія жорстка разагналі акцыі пратэсту ў 2013 годзе


Акцыя пратэсту на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве, 30 лістапада 2013. Архіўнае фота
Акцыя пратэсту на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве, 30 лістапада 2013. Архіўнае фота

Справу аб забойстве беларуса Міхаіла Жызьнеўскага пакуль расьсьледуюць.

Шаўчэнкаўскі суд Кіева закрыў справу аб разгоне мірных удзельнікаў пратэсту 30 лістапада і 1 сьнежня 2013 году ў Кіеве ў сувязі з заканчэньнем тэрмінаў даўнасьці.

Як паведаміла выданьне ўкраінскае выданьне censor.net, з падазраваных зьнялі ўсе абвінавачаньні і скасавалі арышт на іхную маёмасьць.

У ноч на 30 лістапада на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве знаходзіліся каля 400 пратэстоўцаў, пераважна студэнты. Яны выйшлі на пратэст супраць адмовы тагачаснай улады ад эўраінтэграцыйнага курсу. Для разгону моладзі задзейнічалі каля 2000 супрацоўнікаў спэцыяльнага падразьдзелу «Бэркут», якія жорстка білі ўдзельнікаў пратэсту. У тую ноч пацярпелі сама меней 79 чалавек, 36 затрымалі.

Пэўная колькасьць пратэстоўцаў схавалася ў Міхайлаўскім саборы. Увечары 30 лістапада сотні тысяч жыхароў украінскай сталіцы ў на знак пратэсту супраць разгону сабраліся ўжо на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве, а 1 сьнежня перамясьціліся на вуліцу Банкавую, дзе знаходзілася адміністрацыя прэзыдэнта. Там іх зноў жорстка разагналі.

Пасьля гэтых падзеяў на вуліцы ўкраінскіх гарадоў пачалі масава выходзіць грамадзяне. Паводле некаторых ацэнак, у адзін зь дзён у пратэсьце бралі ўдзел каля аднаго мільёна грамадзян.

Паводле выданьня, праз заканчэньня тэрмінаў даўнасьці ўжо закрылі 50 спраў, якія тычыліся злачынстваў супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Пасьля ўцёкаў тагачаснага прэзыдэнта Віктара Януковіча праваахоўныя органы Ўкраіны завялі каля 100 крымінальных спраў па падзеях Майдану.

Пазьней у Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што абскардзяць рашэньне Шаўчэнкаўскага раённага суда аб закрыцьці справы аб разгоне мірных удзельнікаў пратэсту 30 лістапада і 1 сьнежня 2013 году ў Кіеве ў сувязі з заканчэньнем тэрмінаў даўнасьці.

Справа аб забойстве беларуса Міхаіла Жызьнеўскага пакуль яшчэ расьсьледуецца. У лістападзе 2023 году ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны заявілі, што сьледчыя, якія расьсьледуюць злачынствы ў часе масавых акцый пратэсту ў Кіеве ў 2013–2014 гадах, вызначылі кола асобаў, датычных да забойства беларуса Міхаіла Жызьнеўскага.

Тады стала вядома, што сьледчыя атрымалі канчатковыя вынікі экспэртыз, падоўжылі правядзеньне комплекснай экспэртызы, прызначанай на падставе першых дасьледаваньняў, і вызначылі «кола асобаў», імаверна датычных да злачынства.

Згодна з украінскім заканадаўствам, тэрмін даўнасьці ў справах аб цяжкіх злачынствах складае 10 гадоў, а гэта азначае, што пасьля таго адказныя за злачынствы могуць пазьбегнуць адказнасьці. Міхаіл Жызьнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 у выніку сьмяротнага раненьня куляй для прымусовага спыненьня транспарту, якія выкарыстоўвалі толькі падразьдзелы Міністэрства ўнутраных спраў Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG