Па матэрыялах органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту Дзяржкантролю Беларусі ў 2023 годзе завялі 80 крымінальных спраў за «фінансаваньне экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», заявіў старшыня КДК Васіль Герасімаў на сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі.
Адпраўнікаў і атрымальнікаў грошай вызначылі, сьцьвярджае ён.
Паводле Герасімава, каб спыніць «каналы фінансаваньня экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці», ведамства летась засяродзілася на аналізе абарачэньня крыптавалютаў і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сыстэм і сацыяльных сетак.
У 2022 годзе паводле матэрыялаў КДК завялі амаль у 8 разоў менш крымінальных спраў «аб фінансаваньні экстрэмізму і тэрарызму» — усяго 11.
Акрамя таго, органы КДК у 2023 годзе нібыта выявілі «некалькі дзясяткаў прыватных кампаній», уласьнікі, кіраўнікі і супрацоўнікі якіх «бралі актыўны ўдзел у разгойдваньні сацыяльна-палітычнай абстаноўкі» ў Беларусі, заявіў Герасімаў. Паводле яго, па выніках завялі 42 крымінальныя справы.
Сярод іншых вынікаў працы КДК за 2023 год, Васіль Герасімаў пахваліўся тым, што:
- у 2023-ым КДК нібыта выявіў 118 карупцыйных злачынстваў у эканамічнай сфэры, па фактах неабгрунтаванага пасярэдніцтва — 106;
- летась ведамства праверыла больш за 1100 гандлёвых аб’ектаў і «за грубыя парушэньні» прыпыніла працу 53 зь іх;
- у рамках «навядзеньня парадку на мяса-малочным рынку» на патрабаваньне КДК з рэестру перапрацоўнікаў мясной прадукцыі выключылі 41 арганізацыю, працу яшчэ 12 абʼектаў прыпынілі да поўнай ліквідацыі парушэньняў;
- КДК праверыў апэратараў мабільнай сувязі і прыйшоў да высновы, што яны фармуюць цэны на паслугі «зь перавышэньнем разумнай даходнасьці», атрымліваючы «практычна неабмежаваны прыбытак», і не забясьпечваюць пры гэтым «належную якасьць паслуг сувязі». Прапановы аб «упарадкаваньні дзейнасьці апэратараў» унесьлі на разгляд Лукашэнку, і той нібыта іх падтрымаў і інш.
Форум