Урад Беларусі дапоўніў пералік тавараў, якія нельга ўвозіць і прадаваць у Беларусі. Адпаведныя зьмены ўнесьлі ў пастанову Савету міністраў № 700 ад 6 сьнежня 2021 году, паведаміла прэс-служба беларускага ўраду.
Пералік дапоўнілі наступнымі таварамі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі:
- піва,
- зброджаныя напоі,
- сродкі для догляду за скурай,
- сродкі для валасоў,
- сродкі для галеньня,
- сродкі для гігіены рота і зубоў,
- дэзадаранты,
- сродкі для ваннаў,
- мыла,
- чысьцячыя сродкі,
- дываны,
- мужчынскае тэкстыльнае адзеньне,
- абутак зь верхам з натуральнай скуры,
- галаўныя ўборы,
- пасьцельныя рэчы,
- асновы матрацныя,
- посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкляны,
- лякі, фарбы,
- пліты, лісты, плёнкі з плястмасаў,
- ярлыкі і этыкеткі з паперы, кардону.
Таксама пастановай забаронены ўвоз і рэалізацыя вады, уключаючы мінэральную і газаваную, з так званых «недружалюбных краінаў».
Гэтыя меры — адказ на забарону Латвіяй імпарту зь Беларусі асобнай харчовай прадукцыі, забарону Літвы на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў зь Беларусі, а таксама на падрыхтаваны рэглямэнт Рады Эўразьвязу, які ўстанаўлівае павышанае мыта на імпарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, адзначылі ў ведамстве.
- У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Тады пад абмежаваньні трапілі, сярод іншага, мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
- У пералік «недружалюбных краін» раней былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.
- У сьнежні 2022 году ўрад скараціў пералік забароненых прадуктаў: выключэньні былі зробленыя для насеннай бульбы, а таксама сьвежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня, і яблыкаў, што ўвозяцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня.
- У сакавіку 2024 году ў сьпіс забароненых для ўвозу ў Беларусь дадалі шэраг тавараў, якія паходзяць зь Літвы: малако і згушчанка, садавіна і арэхі, кава, сокі фруктовыя, воды, воцат, калготы, панчохі, гольфы, шкарпэткі і інш, асобныя будаўнічыя вырабы, лядоўні і маразільнікі.
- У лістападзе 2023 году ў сьпіс уключылі асобныя тавары паходжаньнем з Латвіі (каву, джэмы, фруктовае жэле, мармэляды, садавіну, арэхі, сокі, воды, піва, моцныя сьпіртныя і іншыя зброджаныя напоі, калготы, шкарпэткі, цэглу, блёкі і аналягічныя вырабы з керамікі).
- Абмежаваньні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЭАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзеньне ня тычыцца тавараў, якія ідуць празь Беларусь транзытам.
Форум