Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць беларусаў за ўдзел у акцыях да Дня Волі па ўсім сьвеце


Сьвяткаваньне Дня Волі ў Вільні, 25 сакавіка 2024
Сьвяткаваньне Дня Волі ў Вільні, 25 сакавіка 2024

Ведамства паведамляе, што сьпіс падазраваных у «справе беларусаў замежжа» папоўніўся 104 прозьвішчамі.

Сьледчы камітэт адзначыў, што атрымаў зьвесткі пра больш як сотню асобаў, якія бралі ўдзел у вулічных акцыях на тэрыторыі Варшавы, Вільні, Уроцлава, Беластоку, Брусэлю, Батумі, Прагі, Філядэльфіі і іншых гарадоў.

Гэтых людзей прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе — ім інкрымінавалі арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім») і арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

У рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы СК заявіў, што ўжо атрымаў інфармацыю аб аб’ектах нерухомасьці і іншай маёмасьці падазраваных на тэрыторыі Беларусі. Цяпер праводзяцца сьледчыя дзеяньні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладаньне арышту на маёмасьць і «іншыя працэсуальныя захады».

25 сакавіка — Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Ён адсылае да 1918 году, калі ўтварылася незалежная беларуская дзяржава. Затым яе разагналі бальшавікі, а беларуская зямля паводле ўмоваў Рыскай дамовы 1921 году апынулася часткова ў складзе СССР, а часткова ў складзе Польшчы.

Пасьля прыходу да ўлады ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе за адзначэньне Дня Незалежнасьці 25 сакавіка сталі перасьледаваць. Хаця ўлады і дазволілі сьвяткаваньне 100-годзьдзя БНР каля Опэрнага тэатру ў Менску, перасьлед у далейшым не спыніўся.

У выніку масавых рэпрэсіяў пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 2020 году сотні тысяч беларусаў вымушана пакінулі сваю радзіму і апынуліся ў эміграцыі ў многіх краінах. За мяжой яны арганізавалі свае суполкі і ладзяць акцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG