Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія прыняла закон аб магчымай перадачы Ўкраіне расейскіх актываў


Сьцяг над будынкам эстонскага парлямэнту
Сьцяг над будынкам эстонскага парлямэнту

Парлямэнт Эстоніі ў сераду прыняў закон, які дазваляе перадаваць Украіне замарожаныя на падставе міжнародных санкцый актывы расейскіх асобаў.

За прыняцьце закону прагаласавалі 65 дэпутатаў парлямэнту, супраць — тры. Гаворка ідзе пра эстонскія актывы як расейскіх кампаній, гэтак і фізычных асобаў, якіх Эўразьвяз прызнаў непасрэдна датычнымі да вайны ва Ўкраіне.

Кантраляваць выкананьне закону мае Міністэрства замежных спраў Эстоніі. Украіна павінна будзе выставіць адпаведныя патрабаваньні пра кампэнсацыю шкоды. Уладальнікі актываў будуць мець права аспрэчыць рашэньне аб выкарыстаньні іх маёмасьці ў адміністрацыйным судзе.

Старшыня канстытуцыйнай камісіі эстонскага парлямэнту Хэндрык Ёханэс Тэрас заявіў, што стварэньне прававога рэгуляваньня ў пытаньнях выкарыстаньня падсанкцыйных расейскіх актываў — складаная задача для ўсіх эўрапейскіх краін, і Эстонія стала тут першапраходцам. Паводле яго, Талін больш за паўгода распрацоўваў адпаведны мэханізм, кансультуючыся з многімі бакамі, у тым ліку з замежнымі экспэртамі.

«Расея — гэта дзяржава-агрэсар. Кампэнсацыя нанесенай ёю ў ходзе ваенных дзеяньняў шкоды не павінна легчы на плечы Ўкраіны і яе саюзьнікаў. За прычыненую шкоду адказвае Расея, якая і павінна панесьці гэтую адказнасьць», — дадаў Тэрас.

Дзяржавы Эўразьвязу ад 2022 году абмяркоўваюць магчымасьць перадаць Украіне замарожаныя праз санкцыі расейскія актывы. Пакуль ня вызначаны прававы мэханізм, які дазваляў бы канфіскаваць замарожаныя актывы. Аднак ЭЗ распрацоўвае магчымасьць перадаваць Украіне даходы ад гэтых актываў — напрыклад, працэнты ад банкаўскіх укладаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG