Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія бізнэсоўцы, зьвязаныя з Лукашэнкам, зарабляюць на нерухомасьці ў Дубаі, — расьсьледнікі


Дубай. Ілюстрацыйнае фота
Дубай. Ілюстрацыйнае фота

Дубайская нерухомасьць стала прывабнай інвэстыцыяй для бізнэсоўцаў, якія трапілі пад заходнія санкцыі з прычыны сувязяў з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны лічацца ўладальнікамі люксавых апартамэнтаў на гламурным востраве Палм-Джумэйра і зарабляюць на здачы жыльля ў арэнду, піша праект «Бюро Медыя».

Новыя зьвесткі пра маёмасьць беларускіх бізнэсоўцаў зьявіліся з выцеку дадзеных пра сотні тысяч аб’ектаў нерухомасьці ў Дубаі, іх уладальнікаў і выкарыстаньне, у асноўным з 2020 па 2022 гады, піша праект беларускіх журналістаў-расьсьледнікаў.

Зьвесткі атрымаў вашынгтонскі Цэнтар пэрспэктыўных абаронных дасьледаваньняў (C4ADS), які вывучае міжнародную злачыннасьць і канфлікты. C4ADS перадаў гэтыя зьвесткі нарвэскаму фінансаваму выданьню E24 і Цэнтру па дасьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і карупцыі, якія каардынавалі расьсьледніцкі праект зь дзясяткамі СМІ з усяго сьвету. «Бюро» ўдзельнічала ў гэтым праекце.

У дубайскім выцеку — дадзеныя пра нерухомасьць дзясяткаў беларусаў, у тым ліку сямʼі бізнэсоўцы Аляксея Алексіна. У канцы 2009 году ён набыў сабе кватэру ў 140 квадратных мэтраў у адным з жылых комплексаў на востраве Палм-Джумэйра, вынікае з дадзеных аб зьдзелках з Дубаем. Купля абышлася прыкладна ў 400 тысяч даляраў. З 2021 па 2023 гады жыльлё здавалася ў арэнду. Гаспадар атрымаў за паслугі больш за 90 тысяч даляраў.

За тры кілямэтры ад кватэры Аляксея Алексіна знаходзіцца віла, запісаная на ягонага сына — Дзьмітрыя Алексіна. 600-мэтровы асабняк на востраве Палм-Джумэйра купілі на пачатку 2013 году. Кошт угоды — звыш 3,5 млн даляраў.

У 2021 годзе Аляксей Алексін трапіў пад санкцыі ЭЗ і ЗША. На Захадзе яго лічаць «тытунёвым гаманцом» Лукашэнкі. У Беларусі Алексін найперш вядомы як уладальнік сеткі шапікаў «Табакерка» і тытунёвай фабрыкі «Інтэр Табака». Алексін уваходзіць у дзясятку пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў Алексін перапісаў актывы на жонку і сыноў, але і яны падпалі пад санкцыі.

На званкі і запыт журналістаў «Бюро» Аляксей Алексін не адказаў. Дзьмітры Алексін адмовіўся ад камэнтароў.

Акрамя гэтага, як высьветліла «Бюро», у Дубаі таксама ёсьць нерухомасьць яшчэ адной сямʼі, якая падпала пад санкцыі з прычыны сувязяў з рэжымам Лукашэнкі. Гаворка пра сэрбскіх бізнэсоўцаў Карычаў.

Нэбайша Карыч лічыцца ўладальнікам 220-мэтровых апартамэнтаў на востраве Палм-Джумэйра. У ягонага бацькі Багалюба Карыча таксама ёсьць нерухомасьць у Дубаі. Адвакаты бізнэсоўцы адказалі, што Багалюб Карыч набыў кватэру ў Дубаі амаль тры гады таму, яшчэ да ўвядзеньня санкцый ЭЗ.

«Купля была зьдзейсьненая ў адпаведнасьці з усімі дзейнымі законамі, з дапамогай банкаўскай апэрацыі (не гатоўкаю). На момант куплі ён [Багалюб Карыч] зьяўляўся падатковым рэзыдэнтам Дубаю. Ён заўсёды выконваў законы і правілы ААЭ, а таксама законы і правілы любой краіны, дзе пражываў. Гэта таксама адносіцца да любой нерухомасьці, якая належыць сваякам спадара Карыча», — сказана ў адказе адвакатаў.

Калі Багалюб Карыч не застаецца ў Дубаі, то здае кватэру ў арэнду. Бізнэсоўца лічыць куплю жыльля выгаднай інвэстыцыяй, таму што цэны на арэнду ў Дубаі вышэйшыя, чым у іншых краінах.

Карычы вядомыя ў Беларусі перш за ўсё будоўляю жылых комплексаў «Маяк Менску» і «Менск-Сьвет» («Минск-Мир»). Нэбайша Карыч знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Багалюб Карыч — пад санкцыямі ЭЗ. На Захадзе сэрбскую сямʼю лічаць «будаўнічымі кашалькамі» Лукашэнкі.

Вывад актываў у такія юрысдыкцыі, як Дубай, — прывабны варыянт страхоўкі для эліт у аўтарытарных краінах, лічыць дацэнт палітычных навук Лівэрпульскага ўнівэрсытэту Фэлікс Вібрэхт. Паводле яго, аўтарытарныя рэжымы пастаянна сутыкаюцца з рызыкай быць зрынутымі, і ў такім выпадку набытыя элітамі актывы могуць быць канфіскаваныя.

Акрамя таго, усярэдзіне аўтарытарнай сыстэмы прадстаўнікі эліты могуць трапіць у няласку і, да прыкладу, зазнаць крымінальны перасьлед. У такім выпадку іх актывы таксама могуць быць канфіскаваныя.

«У іх інтарэсах перавесьці свае актывы за мяжу, каб іх семʼі маглі атрымаць да іх доступ, нават калі іх карʼера скончыцца», — сказаў Вібрэхт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG