Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За паўгода служба «Адно вакно» атрымала больш за 500 запытаў ад беларусаў з 22 краінаў сьвету


Вольга Гарбунова, прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях Аб'яднанага пераходнага кабінэту (АПК)
Вольга Гарбунова, прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях Аб'яднанага пераходнага кабінэту (АПК)

Службу «Адно вакно» ў канцы кастрычніка 2023 году адкрыла прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі.

Першапачатковай задачай службы была дапамога беларускім палітвязьням і іх сем’ям, а таксама тым, хто пацярпеў ад рэпрэсій, і іх блізкім. Цяпер «Адно вакно» прапануе дапамогу ўсім беларусам, што маюць патрэбу ў падтрымцы. Гэта плятформа, дзе беларусы і беларускі, якія трапілі ў цяжкую жыцьцёвую сытуацыю або маюць патрэбу ў дапамозе спэцыялістаў, могуць атрымаць інфармацыю і кансультацыю ад апэратарак гарачай лініі, а таксама запрошаных экспэртаў.

За паўгода працы служба «Адно вакно» атрымала больш за 500 запытаў. Геаграфія запытаў ахапіла 22 краіны, дзе пражываюць беларусы і беларускі.

Некаторыя з запытаў, зь якімі зьвярталіся ў службу за час яе працы:

  • Псыхалягічная дапамога і падтрымка (для дарослых і дзяцей).
  • Фінансавая дапамога, у т.л. атрыманьне беларускай пэнсіі за мяжой.
  • Мэдыцынская дапамога, у т.л. дапамога людзям з інваліднасьцю.
  • Хатні гвалт.
  • Юрыдычныя кансультацыі і прававая падтрымка.
  • Пошук працы ў Беларусі і за мяжой.
  • Продаж нерухомасьці ў Беларусі: служба кансультавала тых, хто ня можа вярнуцца ці мае праблемы з генэральнай даверанасьцю.
  • Выклікі «на размову» і эвакуацыя зь Беларусі.
  • Легалізацыя, атрыманьне дакумэнтаў за мяжой, працягненьне тэрміну дзеяньня дакумэнтаў, уключаючы ВНЖ, візы і інш.
  • Пытаньні апекі, алімэнтаў, вучобы ў іншых краінах.

«Мы імкнемся да таго, каб запытаў зь Беларусі было больш, бо ліквідацыя звыш за 1500 некамэрцыйных арганізацый пасьля падзеяў 2020 году прывяла да таго, што людзям унутры краіны складана знайсьці дапамогу і падтрымку», — гаворыцца ў прэс-рэлізе службы.

Таксама служба «Адно вакно» запусьціла дзяжурства высокакваліфікаваных адвакатаў на лініі, таму ў беларусаў ёсьць магчымасьць бясплатна і бясьпечна задаць пытаньні і атрымаць якасную кансультацыю. Апошняе дзяжурства прайшло 11 траўня з 14:00 да 16:00 (па Менску).

Падрабязная інструкцыя аб тым, як можна пакінуць запыт і куды тэлефанаваць.

Стваральнікі службы называюць адной з яе галоўных перавагаў тое, што беларусам больш не трэба самастойна шукаць інфармацыю ці карыстацца чат-ботамі — ім адказваюць жывыя людзі. «Адно вакно» абяцае ня толькі даваць кансультацыю, але і прапаноўваць варыянты канкрэтных дзеяньняў у кожнай асобнай сытуацыі, застаючыся на сувязі да таго часу, пакуль праблема не будзе вырашаная.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG