Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 2020 году ў Беларусі ліквідавана ня менш за 1622 НКА — праваабаронцы Lawtrend


Сілавікі ў офісе БАЖ, 16 лютага 2021 году.
Сілавікі ў офісе БАЖ, 16 лютага 2021 году.

За пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ў Беларусі ліквідавана ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі (НКА) — аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец сакавіка 2024 году было ліквідавана ня менш за 1601 НКА (+21 за месяц), лютага — 1563, студзеня — 1533, сьнежня 2023-га — 1509. На канец сьнежня 2022 году налічваліся 1173 закрытыя некамэрцыйныя арганізацыі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец красавіка ня менш за 1003 НКА знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі (997 — у канцы сакавіка, 981 — у канцы лютага, 969 — у канцы студзеня, 960 — у канцы сьнежня 2023-га) з улікам пададзеных пазоўных заяў аб прымусовай ліквідацыі ў суд, прымусовага выключэньня з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасьць арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, таксама павялічваецца. На канец красавіка такіх было 619, сакавіка — 604, лютага — 582, сьнежня 2023-га — 564, сьнежня 2022-га — 416.

Праваабаронцы адзначаюць, што рашэньне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным з прычыны ціску на сябраў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя і грамадзка-палітычнай сытуацыі.

Lawtrend падкрэсьлівае, што сярод НКА, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, — спартовыя, прафэсійныя грамадзкія аб’яднаньні, геранталягічнае грамадзкае аб’яднаньне і аб’яднаньне спажыўцоў.

Рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынятае таксама інфармацыйна-аналітычнай установай «Круглы стол дэмакратычных сіл», створанай у канцы 2020 году ў якасьці «апэратара нацыянальнага грамадзка-палітычнага дыялёгу ад апазыцыі».

Праваабаронцы адзначаюць, што «ў 2021–2022 годзе [гэтая] установа актыўна арганізоўвала мерапрыемствы ў рамках „канстытуцыйнай рэформы“, яе кіраўнік (былы валянтэр каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі Юры Васкрасенскі, які пасьля перайшоў на бок улады) „быў актыўна задзейнічаны ў прапагандысцкіх праграмах, роліках, інтэрвію“».

Паводле даных Lawtrend, найбольшую колькасьць зарэгістраваных некамэрцыйных арганізацый складаюць арганізацыі фізкультуры і спорту (589; –86 у параўнаньні з пачаткам 2024 году). Усяго на канец красавіка ў Беларусі 1693 зарэгістраваныя НКА.

Lawtrend адзначае, што 1 студзеня 2024 году ўступілі ў сілу зьмены ў закон «Аб фізычнай культуры і спорце», згодна зь якімі дзейнасьць па разьвіцьці фізкультуры і спорту безь дзяржаўнай акрэдытацыі адносіцца да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падлягае адміністрацыйнай адказнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG