Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шольц: у ЭЗ дамовіліся выкарыстоўваць 90% даходаў ад замарожаных актываў Расеі на вайсковыя патрэбы Ўкраіны


Канцлер ФРГ Оляф Шольц
Канцлер ФРГ Оляф Шольц

Каля 90 працэнтаў даходаў, атрыманых ад замарожаных актываў Расеі, будуць накіраваны на ваенныя патрэбы Ўкраіны, заявіў канцлер ФРГ Оляф Шольц.

Такім чынам, краіны Эўразьвязу дасягнулі кансэнсусу ў пытаньні выкарыстаньня гэтых прыбыткаў.

«У нас у Эўропе ёсьць кансэнсус наконт таго, што мы хочам выкарыстоўваць непрадбачаны прыбытак ад расейскіх замарожаных актываў. Гэта значная сума, якая складае некалькі мільярдаў на год. Мы таксама прыйшлі да пагадненьня, якое цяпер фіналізуецца, аб тым, што мы таксама хочам выкарыстоўваць каля 90 працэнтаў гэтых сродкаў для абаронных мэтаў Украіны», — сказаў Оляф Шольц.

Паводле яго, у Эўразьвязе таксама згодны з тым, што гэтыя грошы могуць быць выкарыстаны для закупак зброі «ня толькі ў ЭЗ, але і ва ўсім сьвеце».
У сакавіку кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль прапанаваў накіраваць 90 адсоткаў даходаў ад расейскіх актываў, замарожаных у Эўропе, у кіраваны ЭЗ фонд, які фінансуе вайсковую дапамогу Ўкраіне.

Як піша Reuters, каля 70 працэнтаў усіх расейскіх актываў, сканцэнтраваных на Захадзе, захоўваюцца ў цэнтральным дэпазытарыі каштоўных папер Euroclear у Бэльгіі. Размова ідзе аб каштоўных паперах і грашовых сродках расейскага Цэнтрабанку на суму, эквівалентную 190 мільярдам эўра (204,67 мільярда даляраў).

Канчатковае рашэньне аб выкарыстаньні прыбытку з гэтых актываў павінна быць прынята на саміце G7 у Італіі ў чэрвені.

ЗША, ЭЗ і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну. Улетку Міністэрства фінансаў ЗША заявіла аб блякаваньні актываў расейскіх алігархаў і Цэнтрабанку РФ на суму больш як 330 млрд даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG