У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі пра зьнішчэньне ўкраінскім ударным марскім дронам Magura V5 хуткаснага расейскага катэра.
«Пасьпяховая місія ў бухце Вузкай на тэрыторыі часова акупаванага Крыму стала магчымай пры садзейнічаньні плятформы United24. Паколькі страх перад украінскімі атакамі прымушае акупантаў хаваць вялікія караблі Чарнаморскага флёту далей ад паўвострава, баявая праца працягваецца па хуткасных манэўровых вайсковых суднах расейцаў, якія незаконна знаходзяцца ва ўкраінскіх тэрытарыяльных водах Крыму», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі.
Пазьней вайсковая выведка Ўкраіны ўдакладніла, што 6 траўня зьнішчылі расейскі хуткасны патрульны катэр праекту «Мангуст», якія выкарыстоўваюцца для патруляваньня акваторыі, барацьбы з дывэрсантамі і ў пошукава-ратавальных апэрацыях.
Катэр мае даўжыню 20 мэтраў і шырыню 5 мэтраў. На борце катэра звычайна ёсьць два аўтаматычныя гранатамёты АГС-17, ручны супрацьдывэрсійны гранатамёт ДП-64 і два пераносныя зэнітна-ракетныя комплексы тыпу «Игла» або «Верба».
Арыентацыйны кошт аднаго такога катэра складае каля трох мільёнаў даляраў.
У Расеі зьнішчэньне ўкраінцамі расейскага катэра не камэнтуюць.
Страты Чарнаморскага флёту Расеі пасьля 22 лютага 2022 году
- 21 красавіка ўкраінскія сілы пашкодзілі ўнікальны расейскі ратавальны карабель «Коммуна», які знаходзіўся ў Севастопалі.
- 23 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў вялікія дэсантныя караблі (ВДК) «Ямал» і «Азов», а таксама ў сярэдні выведны расейскі карабель «Иван Хурс» Чарнаморскага флёту Расеі.
- У ноч на 5 сакавіка ўкраінскія войскі пацэлілі ў расейскі патрульны карабель «Сергей Котов», які быў у порце Керчы.
- У ноч на 14 лютага ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Цезарь Куников».
- У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2024 году байцы спэцпадразьдзелу «Group 13» Галоўнага ўпраўленьня выведкі зьнішчылі ракетны карабель «Ивановец» Чарнаморскага флёту Расеі.
- 4 жніўня 2022 году ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк» і вывелі яго са строю.
- Летась 13 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі дронамі бухты ў Севастопалі пашкоджаньні атрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.
- 22 верасьня 2023 году стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі пра ракетны абстрэл штабу Чарнаморскага флёту РФ. Пасьля гэтых атак, паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Расея перамясьціла ня менш за 10 сваіх вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту ў Новарасійск зь Севастопалю, каб засьцерагчы іх. Аднак гэта не ўратавала флёт ад наступных украінскіх атак.
- 11 кастрычніка пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які быў недалёка ад Севастопалю, на пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.
- 10 лістапада 2023 году ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі пра пашкоджаньне ў Крыме двух малых дэсантных расейскіх караблёў тыпу «Серна», на якіх былі браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.
- У сьнежні ўкраінцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Новочеркасск».
- 12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяінага расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».
- На пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў выніку ўкраінскага ўдару патануў ракетны крэйсэр «Москва».
Форум