ЗША прапанавалі партнэрам па «Групе сямі» выдзеліць Украіне дадатковую дапамогу ў памеры 50 мільярдаў даляраў, паведамляе Bloomberg.
Злучаныя Штаты вядуць перамовы з краінамі-партнэрамі пра тое, каб узначаліць групу саюзьнікаў, якія дадуць Украіне дадатковую дапамогу ў памеры 50 мільярдаў даляраў. Мяркуецца, што гэтая сума будзе пагашаная за кошт прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў, на якія працягваюць налічвацца працэнты — у асноўным у краінах Эўропы, удакладняе агенцтва.
Міністарка фінансаў ЗША Джанэт Йелен пацьвердзіла, што такія абмеркаваньні вядуцца. «У ідэале мы б хацелі, каб у гэтым удзельнічала ўся „Група сямі“, а не ЗША ў адзіночку», — сказала яна Bloomberg.
У Міністэрстве фінансаў ЗША і ў Радзе нацыянальнай бясьпекі Белага дома адмовіліся камэнтаваць ідэю.
Паводле крыніц агенцтва, ЗША настойваюць на заключэньні пагадненьня ўжо ў чэрвені 2024 году на сустрэчы лідэраў «Групы сямі». Па словах людзей, знаёмых з прапановай, абмеркаваньне гэтай тэмы было цяжкім, і на дасягненьне пагадненьня могуць спатрэбіцца месяцы. Большасьць эўрапейскіх краін выступаюць супраць прамой канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў і скептычна ставяцца да прапановаў, якія могуць падарваць стабільнасьць эўра або падвергнуць іх адплаце з боку Расеі, піша Bloomberg.
- Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году краіны G7 замарозілі каля 260 млрд эўра актываў расейскіх цэнтральных банкаў, большая частка якіх захоўваецца ў эўрапейскім дэпазытарыі Euroclear у Бэльгіі. Згодна з фінансавымі вынікамі Euroclear за першы квартал 2024 году, каля 159 млрд эўра замарожаных расейскіх актываў прынесьлі чысты прыбытак у памеры 557 млн эўра. У справаздачы за 2023 год, апублікаваным у пачатку лютага 2024 году, дэпазытарый указаў, што ў сувязі з абавязацельствам інвэставаць актывы ён атрымаў 4,4 млрд эўра працэнтаў ад гэтых сродкаў.
- Чакаецца, што гэтыя актывы будуць і далей прыносіць каля 5 млрд эўра ў год, і галоўны аргумэнт прапановы ЗША складаецца ў накіраваньні гэтых даходаў на павелічэньне аб’ёму дапамогі, якую Украіна атрымае ў найбліжэйшай будучыні, піша Bloomberg.
Форум