Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Расея выкарыстоўвае ва Ўкраіне забароненыя хімічныя рэчывы


Лягатып Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША
Лягатып Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША

ЗША працягнуць выкарыстаньне інструмэнтаў, каб сарваць падтрымку вайскова-прамысловай базы Расеі і абмежаваць выкарыстаньне Расеяй міжнароднай фінансавай сыстэмы для далейшай вайны супраць Украіны.

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што Расея выкарыстоўвае супраць украінскага войска хлёрпікрын — задушлівае хімічнае рэчыва, якое выкарыстоўвалі нямецкія войскі ў часе Першай усясьветнай вайны і якое забаронена адпаведнай міжнароднай канвэнцыяй.

«Выкарыстаньне такіх хімікатаў не зьяўляецца адзінкавым інцыдэнтам і, імаверна, абумоўлена жаданьнем расейскіх войскаў выцесьніць украінскія сілы з умацаваных пазыцый і дасягнуць тактычных посьпехаў на полі бою», — адзначаецца ў заяве Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ад 1 траўня.

У сувязі з гэтым Міністэрства фінансаў ЗША увяло дадатковыя санкцыі супраць амаль 300 расейскіх і замежных кампаній, у тым ліку трох расейскіх дзяржаўных арганізацый, зьвязаных з урадавымі праграмамі хімічнай і біялягічнай зброі, і супраць чатырох расейскіх кампаній, што ўдзельнічалі ў такіх арганізацыях.

Дзярждэпартамэнт заявіў, што перадае ў Кангрэс сваё заключэньне аб выкарыстаньні Расеяй хімічных рэчываў супраць украінскіх вайскоўцаў.

«Сталае ігнараваньне Расеяй сваіх абавязаньняў перад Канвэнцыяй аб забароне хімічнай зброі зьяўляецца працягам яе апэрацыі па атручваньні Аляксея Навальнага, а таксама Сяргея і Юліі Скрыпалёў нэрвова-паралітычным рэчывам „Навічок“», — мяркуюць у Дзярждэпартамэнце ЗША.

У заяве падкрэсьлілі, што ЗША прадоўжаць выкарыстаньне інструмэнтаў, каб сарваць падтрымку вайскова-прамысловай базы Расеі і абмежаваць выкарыстаньне Расеяй міжнароднай фінансавай сыстэмы для далейшай вайны супраць Украіны.

Хлёрпікрын уваходзіць у «чорны сьпіс» Арганізацыі па забароне хімічнай зброі. Яго выкарыстоўвалі нямецкія войскі ў часе Першай усясьветнай вайны.

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, акрамя хлёрпікрыну расейскія вайскоўцы выкарыстоўвалі гранаты са сьлёзацечным газам. Сама меней 500 украінскіх жаўнераў прайшлі лячэньне ад узьдзеяньня таксычных рэчываў, а адзін загінуў, задыхнуўшыся газам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG