Па дадзеных студэнцкай газэты Каліфарнійскага ўнівэрсытэта Daily Bruin, паліцыя была накіравана ў кампус пасьля таго, як прыхільнікі Ізраілю паспрабавалі зьнесьці намётавы лягер пратэстуючых палестынцаў.
На кадрах, зьнятых тэлекампаніяй KABC, філіялам тэлекампаніі ABC, відаць, як людзі з палкамі і тычкамі б'юць па драўляных дошках, якія служылі імправізаванай барыкадай для абароны прапалестынскіх дэманстрантаў, некаторыя з якіх трымалі плякаты і парасоны.
Пасьля некалькіх гадзін сутычак паміж дзьвюма групамі дэманстрантаў, унівэрсытэт папрасіў дапамогі ў праваахоўных органаў і на тэрыторыю кампуса UCLA выклікалі паліцыю Лос-Анджэлесу і сілы Каліфарнійскай дарожнай паліцыі. Яны сталі ў разьдзяляльную лінію паміж пратэстоўцамі.
Раней паліцыя Нью-Ёрка па просьбе адміністрацыі Калюмбійскага ўнівэрсытэта разблякавала будынак, заняты групай прапалестынскіх пратэстуючых. Некалькі дзясяткаў чалавек былі арыштаваныя ў будынку. Намётавы лягер на тэрыторыі ўнівэрсытэта быў ачышчаны, пасьля таго, як студэнты праігнаравалі вылучаны адміністрацыяй ультыматум пакінуць лягер да дзьвюх гадзін дня ў панядзелак або быць адхіленымі ад заняткаў.
На прэс-канфэрэнцыі ў сераду мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс заявіў, што ўсяго на тэрыторыі Калюмбійскага ўнівэрсытэта было арыштавана каля 300 чалавек. Адамс абвінаваціў у пратэстах іншых агітатараў, не прапанаваўшы, аднак, канкрэтных доказаў.
У шматлікіх унівэрсытэтах ЗША адбыліся сутыкненьні з паліцыяй студэнтаў, якія пратэстуюць у падтрымку Газы. За апошнія 2 тыдні больш за 1000 чалавек былі арыштаваныя на тэрыторыі 25 унівэрсытэтаў па ўсёй краіне. У рэдкіх выпадках прадстаўнікам унівэрсытэтаў і лідэрам пратэстаў удалося дамовіцца.
Форум