Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» расказвае Ондржэй Соўкуп, журналіст чэскага грамадзкага радыё і эканамічнага выданьня Hospodářské noviny.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
- Наш шлях да Эўразьвязу быў нечакана доўгі. На пачатку 1990-х я ня думаў, што гэта будзе 14 гадоў. Цяпер я разумею, што Эўразьвяз — гэта ня проста палітычная, але вельмі комплексная арганізацыя, і далучыцца да яе было няпроста.
- Чэхія дагэтуль плаціць у бюджэт Эўразьвязу менш, чым адтуль атрымлівае. Але гэта даволі хутка памяняецца.
- Магчыма, для Лукашэнкі савецкія часы і былі «залатымі», але для большасьці людзей у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, якія тыя часы памятаюць, цяперашнія часы нашмат лепшыя.
- Чэская эканоміка цяпер цалкам інтэграваная ў эўрапейскую і сусьветную эканоміку. У нас амаль 80 адсоткаў вытворчасьці ідзе на экспарт, дзяржаўных прадпрыемстваў засталося 5–10, гэта нейкія «стратэгічныя» кампаніі, якія займаюцца, напрыклад, уранам.
- Ад пачатку «нулявых» гадоў перад кожнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі людзям абяцалі сярэдні заробак 500 даляраў. А пасьля выбараў адпускалі курс, і заробкі зноў падалі.
- Мэта дзейнасьці беларускіх прадпрыемстваў ня толькі эканамічная, але і кантроль над людзьмі. У беларусаў тыповыя кантракты на 1 год. Лукашэнка кажа, што гэта сацыяльна арыентаваная эканоміка, але прафсаюзы ва ўсім сьвеце проста крычалі б ад такіх умоваў.
- Ад часу далучэньня да Эўразьвязу сярэднія заробкі ў Чэхіі вырасьлі на 10–15 працэнтаў, з папраўкай на інфляцыю. Цяпер гэта 1200–1500 эўра на месяц.
- На 2004 год бальшыня беларускага грамадзтва не была прыхільная да шляху ў Эўразьвяз. У Чэхіі яшчэ падчас «Аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году адным з галоўных лёзунгаў было «Назад у Эўропу». Чэскае грамадзтва адчувала як непаразуменьне, што мы 40 гадоў былі ва Ўсходнім, сацыялістычным блёку.
- Эўразьвяз абмяжоўвае ўладу палітыкаў — вы ня можаце радыкальна мяняць падаткі, вы павінны рабіць антыкарупцыйныя намаганьні. Але палітыкі былі вымушаныя прыслухоўвацца да грамадзтва, бо быў кансэнсус наконт далучэньня да Эўразьвязу нават у такіх краінах, як Румынія, нашмат больш карумпаваных, дзе ва ўладзе былі колішнія камуністы.
- Пытаньне пра выхад з Эўразьвязу ў Чэхіі могуць ставіць толькі абсалютныя маргіналы, якія маюць 1–2% падтрымкі. Бо Эўразьвяз — гэта перадусім эканоміка. Калі б мы выйшлі з ЭЗ, дык узровень жыцьця абрынуўся б як мінімум на 30%. Які палітык пойдзе на такое? Нават папулісты, якія гавораць пра «дыктат Брусэлю», разумеюць, што адна справа — рыторыка, і зусім іншае — рэальныя крокі.
- Эўразійскі эканамічны саюз быў у пэўнай меры інсьпіраваны Эўразьвязам. Але ёсьць вялікае адрозьненьне. Эўразьвяз мае некалькі вялікіх гульцоў — Нямеччыну, Францыю, Італію; мае шмат сярэдніх, такіх як Чэхія, і мае драбнейшых. Агулам існуе балянс. А ў Эўразійскім эканамічным саюзе абсалютна дамінуе Расея.
- Калі б Беларусь захацела далучыцца да ЭЗ, дык з боку Эўразьвязу праблемаў ня будзе. Гэта ясна вызначаная доўгая працэдура, а ня нешта, што робіцца назло Крамлю. Іншая рэч, ці аслабне Расея нейкім чынам настолькі, каб «адпусьціць» Беларусь.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум