У сваім тэлеграм-канале «Народная Грамада» паведаміла, што ўначы 30 красавіка атрымала інфармацыю, што адзін з актывістаў партыі Павал Бялюцін аказаўся фігурантам паведамленьня з базы зваротаў грамадзян у КДБ, які раней выклалі ў сеціва «Кібэрпартызаны». Адміністратары спраўдзілі інфармацыю і пацьвердзілі факт прысутнасьці ў базах звароту Паўла Бялюціна.
У сувязі з гэтым партыя «Народная Грамада» неадкладна прыняла рашэньне:
- Прыпыніць сяброўства Бялюціна Паўла ў партыі.
- Выключыць Бялюціна Паўла са сьпісу кандыдатаў у Каардынацыйную Раду III скліканьня ад Аб’яднаньня беларускіх партый «Народная Грамада» і Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя «Салідарнасьць».
Пры гэтым у партыі адзначылі, што «на этапе першаснай апрацоўкі інфармацыі па актывісту, якая магла б сьведчыць пра наўмыснае нанясеньне шкоды іншым актывістам альбо партыі, выяўлена не было» і што яны будуць больш дасканала вывучаць інфармацыю.
Паведамленьне, за якое Бялюціна выключылі з партыі і з выбарчых сьпісаў у Каардынацыйную раду, было напісана 31 студзеня 2017 году і гучала так:
«Добры дзень. У мяне ёсьць некаторыя падставы меркаваць, што грамадзянін РБ Аўтуховіч Мікалай Мікалаевіч прадумвае і пачынае ажыцьцяўляць падрыхтоўку да спробы ўзброенага захопу ўлады ў нашай рэспубліцы. Пра спробу даведаўся са слоў гр. Аўтуховіча М.М.».
Раней «Кібэрпартызаны» выклалі ў інтэрнэт базу зваротаў грамадзян у КДБ — у ёй каля 40 тысяч допісаў. Далёка ня ўсе яны датычаць палітычнай актыўнасьці беларусаў. Шмат допісаў ад грамадзян Расеі, паведамленьняў пра бытавыя сваркі і зусім адарванай ад рэальнасьці інфармацыі. Ёсьць і такія звароты, дзе беларусы даносяць на саміх сябе, спадзеючыся на літасьць з боку спэцслужбаў.
- 61-гадовы Мікалай Аўтуховіч з пачатку сьнежня 2020 году адбывае ўжо трэцяе ў сваім жыцьці зьняволеньне. Усяго, паводле падлікаў сваякоў, палітвязень адзначыў у вязьніцах 9 навагодніх сьвятаў і 8 дзён нараджэньня. Гэтым разам яму давядзецца сустракаць дзень нараджэньня ў адзіночцы горадзенскай турмы.
- Паводле выраку Горадзенскага абласнога суду, Аўтуховіч атрымаў 25 гадоў зьняволеньня і грашовы штраф у 1000 базавых велічынь, а таксама пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы. Першыя 5 гадоў зьняволеньня былы прадпрымальнік і праваабаронца мусіць адбыць у турме, астатнія 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму. Суд назваў Аўтуховіча вінаватым паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў стварэньні злачыннай групоўкі і акце тэрарызму.
- Сваёй віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаў, падчас працэсу ён трымаў галадоўку пратэсту. Вярхоўны суд Беларусі ў выніку разгляду апэляцыйнай скаргі Аўтуховіча вызваліў яго ад адбыцьця пакараньня паводле аднаго з абвінавачаньняў, але агульны тэрмін зьняволеньня пакінуў бязь зьменаў.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязьнем.
Форум