Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што хоча «пры сваім палітычным жыцьці» пачаць будаўніцтва другой АЭС, і назваў пляцоўку


Беларуская АЭС у часе будаўніцтва ў 2019 годзе. Архіўнае фота
Беларуская АЭС у часе будаўніцтва ў 2019 годзе. Архіўнае фота

Сёлета ў лютым генэральны дырэктар дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў заявіў, што разглядаюцца два варыянты — будаўніцтва трэцяга блёку на пляцоўцы Беларускай АЭС у Астраўцы або двухблёкавай атамнай станцыі на поўдні Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці падзяліўся «шалёнай» думкай пра будаўніцтва другой АЭС на ўсход ад Магілёва.

«Узьнікае шалёная думка — пабудаваць і другую АЭС. А пляцоўка — яна на ўсход ад Магілёва. Я схіляюся да таго, што ў нас ёсьць на захадзе атамная станцыя, павінна быць і на ўсходзе», — працытаваў Аляксандра Лукашэнку праўладны Telegram-канал «Пул первого».

Сваё рашэньне аб стварэньні першай АЭС у Астраўцы ён назваў «мудрым» і нагадаў, што ўзьвядзеньне станцыі адбылося ва ўмовах ціску Польшчы і Літвы, якія патрабавалі спыніць будоўлю.

Лукашэнка падкрэсьліў, што будаўніцтва АЭС дазволіла «пашырыць выкарыстаньне электраэнэргіі» для патрэбаў транспарту і ацяпленьня жытла.

«Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудаваная БелАЭС, была вызначана Краснапалянская пляцоўка) знаходзіцца на ўсход ад Магілёва. Я сёньня думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары разьмесьцім?» — запытаў Лукашэнка.

Ён лічыць, што разьмясьціць яшчэ два рэактары ў Астраўцы было б таньней, але сам схіляецца да таго, каб другую АЭС будаваць на ўсходзе Беларусі.

«Я ж яшчэ не ўхваліў рашэньне. Мы проста думаем, мы супастаўляем, думаем. І потым, натуральна, патрэбныя грошы. Іх трэба сёньня пазычыць, крэдыт узяць, каб паступова разьлічвацца, як за гэтую станцыю. Таму яшчэ шмат пытаньняў з гэтай справай. Але я хацеў бы, калі я не пасьпею пры сваім палітычным жыцьці гэта зрабіць, ну хоць бы пачаць. А потым вы ўсё роўна пабудуеце, куды дзявацца», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Што папярэднічала

Летась у кастрычніку ў Беларусі выдалі ліцэнзію на эксплюатацыю другога блёку Астравецкай АЭС. Варта адзначыць, што зь першым блёкам было нямала праблем, на ім неаднаразова праводзілі рамонты, якія зацягваліся, і гэта не дазваляла выкарыстоўваць АЭС на поўную магутнасьць.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў пра магчымасьць пабудовы ў Беларусі яшчэ адной АЭС.

Міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў у кастрычніку 2023 году заявіў, што Беларусь вызначыла стратэгічным аб’ектам «другую АЭС».

Сёлета ў лютым генэральны дырэктар дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў заявіў, што Масква і Менск вывучаюць пытаньне магчымай будоўлі новых атамных генэрацыйных магутнасьцяў у Беларусі. Паводле яго, разглядаюцца два варыянты — будоўля трэцяга блёку на пляцоўцы Беларускай АЭС у Астраўцы або двухблёкавай атамнай станцыі на поўдні Беларусі.

На пачатку году міністэрствы энэргетыкі Беларусі і Расеі пачалі «прапрацоўваць» даручэньне Аляксандра Лукашэнкі аб расшырэньні аб’ёмаў атамнай генэрацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG