На сайце перакладчыцкай ініцыятывы Эўрапейскай рады пісьменьнікаў неўзабаве зьявяцца пераклады твораў беларускіх і ўкраінскіх аўтараў, піша reform. news
Сярод аўтараў беларускія пісьменьнікі Тацяна Нядбай, Уладзімер Някляеў, Уладзімер Лобач, а таксама ўкраінскія Наталія Матолінэць, Тэцяна Маленька, Алена Кіцан ды іншыя людзі слова. Іх творы будуць перекладзеныя на 13 моў сьвету.
#FreeAllWords — праект міжнароднай падтрымкі аўтараў, якія крытыкуюць вайну і абараняюць правы чалавека.
Да ўдзелу ў другім сэзоне праекту #FreeAllWords было пададзена 30 заявак ад беларускіх і ўкраінскіх аўтараў. Міжнароднае журы ў выніку адабрала 15 людзей слова, чые творы будуць перакладзеныя на розныя мовы Эўропы. Восем зь іх — зь Беларусі, сем — з Украіны.
Агулам на дадзены момант у праекце ўдзельнічаюць 46 аўтараў, 29 з іх — прадстаўнікі Беларусі, 17 — Украіны. Сярод удзельнікаў, у тым ліку: праваабаронца і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, палітзьняволеная журналістка Кацярына Андрэева, былы палітзьняволены Анатоль Хіневіч. Паэтка Іна Снарская — ураджэнка Полацку якая ўжо шмат год жыве ва ўкраінскай Палтаве.
Ва Украіне знаходзяцца і такія аўтары праекту як харкаўскія паэты Александр Бабошка і Андрэй Костынскі, палтаўскі паэт Алег Шапашнікаў, паэткі і дасьледчыцы з Кіева Надзея Гаўрылюк і Тэцяна Маленька ды іншыя літаратары, праваабронцы, гісторыкі.
З аўтарскімі тэкстамі ў ініцыятыве працуюць 43 спэцыялісты. Творы ўдзельнікаў перакладаюцца на 13 эўрапейскіх моў — ангельскую, вугорскую, дацкую, гішпанскую, італьянскую, латыскую, літоўскую, нарвэскую, нямецкую, партугальскую, румынскую, фінскую і францускую. Усяго за час існаваньня праекту было перакладзена больш за 130 тысяч слоў украінскіх і беларускіх літаратараў.
У плянах праекту — папулярызацыя творчасьці беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў, пашырэньне магчымасьцяў выхаду на літаратурныя выданьні іншых краін.
Форум