Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На нафтазаводзе ў Краснадарскім краі РФ пасьля атакі дронаў узьнік пажар. Яго працу часткова прыпынілі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Цыстэрны з нафтай палаюць пасьля атакі дрона ў Клінцах, прыблізна ў 60 км ад расейска-ўкраінскай мяжы, 19 студзеня 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Цыстэрны з нафтай палаюць пасьля атакі дрона ў Клінцах, прыблізна ў 60 км ад расейска-ўкраінскай мяжы, 19 студзеня 2024 году

У Краснадарскім краі РФ з прычыны ранішняй атакі бесьпілётнікаў на Славянскім нафтаперапрацоўчым заводзе ўзьнік пажар.

Паводле зьвестак МНС, на заводзе пашкоджаная сэпаратыўная ўстаноўка. Плошча пажару склала пяць квадратных мэтраў, агонь неўзабаве патушылі.

Агулам было зьдзейсьнена 9 атак на рэзэрвуарны парк і сэпаратыўную ўстаноўку завода, напісаў кіраўнік Славянскага раёну Раман Сінягоўскі. Пацярпелых няма.

Пасьля атакі дронаў нафтаперапрацоўчы завод у Славянску часткова прыпыніў працу, піша ТАСС са спасылкай на дырэктара па комплекснай бясьпецы групы кампаній «Славянск ЭКА» Эдуарда Труднева. «Праца завода часткова прыпыненая. Роўна 10 БПЛА прыляцелі менавіта ў завод, быў моцны пажар. Магчыма наяўнасьць утоеных пашкоджаньняў», — заявіў ён.

Папярэдні раз дроны атакавалі Славянскі нафтазавод у сакавіку 2024 году, тады былі пашкоджаны вакуумныя і атмасфэрныя блёкі.

Губэрнатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў 27 красавіка паведаміў, што раніцай у рэгіёне зьбілі больш за 10 дронаў, якія «спрабавалі атакаваць» НПЗ і аб’екты інфраструктуры ў некалькіх раёнах краю. «Як дакладваюць зь месцаў — пацярпелых і сурʼёзных пашкоджаньняў няма. Апэратыўныя службы ліквідуюць узгараньні ў выніку падзеньня БПЛА», — напісаў Кандрацьеў. У атаках ён абвінаваціў Украіну.

Мінабароны Расеі сьцьвярджае, што ўначы над Краснадарскім краем зьбілі 66 украінскіх дронаў.

  • Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць атакі бесьпілётнікаў. Так, напрыклад, 24 красавіка ў Смаленскай вобласьці Расеі дрон атакаваў НПЗ, там пачаўся пажар. У канцы мінулага тыдня губэрнатар Смаленскай вобласьці таксама паведамляў пра пажар на абʼекце паліўна-энэргетычнага комплексу пасьля атакі дрона ў Кардымаўскім раёне; на якім менавіта абʼекце, кіраўнік рэгіёну не ўдакладняў. У гэтым раёне, у прыватнасьці, знаходзіцца нафтабаза «Лукойла» «Кардымава».
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14 працэнтаў.
  • У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Афіцыйна Кіеў ня браў на сябе адказнасьці за напады на расейскія нафтавыя заводы.
  • Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк днямі ў інтэрвію парталу «Люстэрка» заявіў, што Ўкраіна ня будзе атакаваць беларускія НПЗ і наносіць удары «толькі па расейскай акупацыйнай групоўцы на акупаваных тэрыторыях і па абʼектах забесьпячэньня, якія забясьпечваюць гэтую акупацыйную групоўку».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG