Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю з заклікам да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, якіх утрымліваюць у Расеі, уключаючы журналістку Радыё Свабода Алсу Курмашаву і карэспандэнта The Wall Street Journal Эвана Гершковіча.
За рэзалюцыю прагаласавалі 493 дэпутаты, 11 выказаліся супраць, 18 устрымаліся.
У ліку палітвязьняў, якія, як лічаць эўрапейскія парлямэнтары, павінны быць вызваленыя, — апазыцыянэры Ўладзімір Кара-Мурза і Ільля Яшын, праваабаронца Алег Арлоў, паплечніца Аляксея Навальнага Ксенія Фадзеева, асуджаны ў справе аб дзяржздрадзе былы журналіст выданьняў «Коммерсантъ» і «Ведомости» Іван Сафронаў.
Рэзалюцыя стала часткай агульнага дакумэнта, які асуджае недэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары ў Расеі і іх нелегітымнае правядзеньне на ўкраінскіх тэрыторыях, захопленых Масквой.
Хто такая Алсу Курмашава
- У Алсу Курмашавай двайное грамадзянства: ЗША і Расеі. Да арышту яна жыла ў Празе са сваім мужам і дзецьмі. У сярэдзіне траўня 2023 году журналістка прыехала ў Казань па сямейных абставінах.
- У чэрвені, перад вылетам дадому, журналістку затрымалі і канфіскавалі абодва яе пашпарты. Пазьней супраць яе распачалі крымінальную справу аб непаведамленьні аб другім грамадзянстве і ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.
- Вінаватай суд прызнаў яе толькі ў кастрычніку, прызначыўшы штраф у 10 тысяч рублёў. Неўзабаве Курмашаву арыштавалі па другой крымінальнай справе — аб іншаземных агентах.
- Пасьля заключэньня Курмашавай пад варту выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэфры Гедмін заявіў, што «глыбока расчараваны» рашэньнем суду: «Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня Алсу, каб яна магла ўзьяднацца са сваёй сям’ёй».
- Затрыманьне журналісткі асудзілі ўлады ЗША, Канады, Чэхіі, Францыі, Польшчы і Швэцыі, а таксама Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі, кіраўнік Эўрапейскага парлямэнту, Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) і Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека.
- Плятформа Рады Эўропы па садзейнічаньні абароне журналістыкі і бясьпецы журналістаў апублікавала заклік вызваліць Курмашаву.
- На сёньня Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла ў сьпіс «іншаземных агентаў» больш за 30 супрацоўнікаў Радыё Свабода.
Форум