Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе затрымалі падазраваных у выкраданьні каштоўных кніг зь бібліятэк


На месцы ператрусу
На месцы ператрусу

Рэха справы аб выкраданьні старадрукаў зь бібліятэк дасягнула нават Грузіі, дзе затрыманы адзін з падазраваных.

Адзін з 9 меркаваных удзельнікаў злачыннай групы, падазраванай у крадзяжы каштоўных твораў расейскай клясыкі XIX стагодзьдзя зь бібліятэкі Віленскага ўнівэрсытэту і ў іншых краінах Эўропы, арыштаваны ў Літве, пацьвердзіла Генэральная пракуратура Літвы, піша агенцыя BNS. Грамадзянін Грузіі знаходзіўся ў Літве з канца 2023 году, але раней пра гэта не паведамлялася.

Эўрапейскія і міжнародныя праваахоўныя органы апублікавалі розную інфармацыю пра злачынную групу. Эўрапол паведаміў, што колькасьць падазраваных, якія знаходзяцца пад вартай, вырасла да дзевяці пасьля арышту чатырох грамадзян Грузіі апошнімі днямі.

Эўрапол таксама паведаміў, што адзін арышт быў зроблены ў Літве. У міжнародную сьледчую групу ўваходзілі паліцыянты з Францыі, Грузіі, Літвы, Польшчы і Швайцарыі, а таксама ў расьсьледаваньні бралі ўдзел Чэхія, Эстонія, Фінляндыя, Нямеччына і Латвія. Акрамя таго, Эўраполу дапамагаў Эўраюст.

Дакладна ўстаноўлена, што крадзяжы адбываліся ў бібліятэках Чэхіі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Польшчы і Швайцарыі.

На месцы ператрусу
На месцы ператрусу

Прэс-сакратарка Генэральнай пракуратуры Літвы Гінтары Віткаўскайце-Шаткаўскене паведаміла, што восеньню мінулага году на запыт Літвы ў Брусэлі арыштавалі жыхара Грузіі, які падазраецца ў крадзяжы.

Прадстаўнік Віленскага ўнівэрсытэту Раймундас Балчунайціс заявіў, што дзеяньні злачынцаў былі высокапрафэсійныя.

«Мы вельмі спадзяёмся аднавіць фонд. З прадстаўленай інфармацыі мы бачым, што шмат кніг сапраўды знойдзена. Мы спадзяёмся аднавіць столькі, колькі страцілі», — дадаў ён.

Пасьля крадзяжу Віленскі ўнівэрсытэт перагледзеў розныя бібліятэчныя працэдуры, у тым ліку абслугоўваньне карыстальнікаў і выдачу кніг, а таксама ўкараніў новыя тэхналёгіі бясьпекі, падрабязнасьці якіх рэктар, аднак, не ўдакладніў.

Частка выкрадзеных рэдкіх кніг
Частка выкрадзеных рэдкіх кніг

У той жа час польскі канал TVN перадаў заяву прэс-сакратара пракуратуры Варшавы Шымана Банны, што польскае сьледзтва выставіла пяці падазраваным афіцыйныя абвінавачаньні. Злачынная група выкрадала каштоўныя тамы зь бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Ён паведаміў, што ў Літве супраць аднаго зь іх ужо правялі працэсуальныя дзеяньні і выставілі абвінавачаньні, ён знаходзіцца ў СІЗА ў Вільні. Іншых, паводле інфармацыі варшаўскай пракуратуры, затрымлівалі ў Грузіі.

Красьці старадрукі зь бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту пачалі ў сьнежні 2022 году. Злодзеі скралі дзясяткі кніг і замянілі іх муляжамі.

«Цягам расьсьледаваньня высьветлілася, што ў зьдзяйсьненьні аналягічных крадзяжоў з унівэрсытэцкіх бібліятэк Эўропы падазраецца злачынная група, якая таксама дзейнічае за мяжой. Сярод выкрадзеных твораў — кнігі такіх расейскіх аўтараў, як Аляксандар Пушкін, Іван Крылоў, Мікалай Гогаль і Міхаіл Лермантаў. Кошт скрадзеных твораў на антыкварным рынку ацэньваецца больш як у 3,8 мільёна злотых (каля 940 тыс. даляраў ЗША. — РС)», — адзначыў пракурор Банна.

Пошукамі польская паліцыя займалася ў супрацы з грузінскімі калегамі. Сьледчыя зьбіраюць інфармацыю пра адзін з расейскіх аўкцыённых дамоў, празь які маглі прадаваць выкрадзеныя кнігі.

Расьсьледаваць факт крадзяжу тамоў зь бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту пачалі 2 лістапада 2023 году. Тады пракуратура паведаміла, што крадзеж кніг адбыўся 16 кастрычніка 2023 году ў чытальні на вуліцы Добрай, 6 у Варшаве.

«Жанчына і мужчына пазычылі кнігі і не вярнулі іх цэлымі. Засталося толькі два зь дзесяці замоўленых твораў і іх паасобныя сшыткі (fascykuły)», — сказаў тады пракурор Банна.

Рэктар Варшаўскага ўнівэрсытэту прафэсар Алёйзы Новак у заяве, апублікаванай празь дзень пасьля пачатку расьсьледаваньня, заявіў, што крадзеж каштоўных прадметаў з калекцыі бібліятэкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, праўдападобна, доўжыўся са сьнежня 2022 году па 16 кастрычніка 2023 году, хоць мог пачацца яшчэ раней.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG