Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На аўкцыён выставілі нерухомасьць асуджаных праваабаронцаў «Вясны»


Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч на судзе над імі
Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч на судзе над імі

Праз электронны аўкцыён «БелЮрЗабесьпячэньне» прадаюць нерухомасьць, якая належыць двум палітзьняволеным праваабаронцам «Вясны» — Валянціну Стэфановічу і Ўладзімеру Лабковічу, заўважыла выданьне «Люстэрка».

Так, на таргі выставілі двухпакаёвую кватэру ў доме №43 па вуліцы Тухачэўскага ў Менску, якая належыць юрысту праваабарончага цэнтру «Вясна» і каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімеру Лабковічу.

Кватэра агульнай плошчай 43,9 м² арыштаваная па рашэньні сьледзтва. Пачатковы кошт кватэры — 134 000 рублёў. Калі знойдуцца ахвотнікі купіць яе, таргі пройдуць 23 красавіка.

Яшчэ адзін лот — 1/7 долі адміністрацыйнага памяшканьня ў Менску, на вуліцы Ложынскай, 16. Яна лічыцца за сябрам рады «Вясны», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцінам Стэфановічам.

Агульная плошча памяшканьня — 92,1 м², пачатковая цана маёмасьці — 33 300 рублёў, таргі прызначаны на 23 красавіка.

У «Вясне» паведамілі, што памяшканьне на вуліцы Ложынскай належыць сямі чальцам праваабарончай арганізацыі, раней яго выкарыстоўвалі для правядзеньня бясплатных івэнтаў — лекцый, дыскусій, выставаў.

  • 23 жніўня 2023 году МУС Беларусі прызнала праваабарончы цэнтар «Вясна» «экстрэмісцкім фармаваньнем». У міністэрстве лічаць, што арганізацыя займалася дзейнасьцю «ў падрыхтоўцы замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь», а таксама дыскрэдытавала службовых асобаў.
  • Стэфановіч і Лабковіч — сябры праваабарончага цэнтру «Вясна». Іх, як і старшыню «Вясны», ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, асудзілі на працяглыя тэрміны зьняволеньня.
  • Уладзімера Лабковіча затрымалі 14 ліпеня 2021 году. Яму выставілі абвінавачаньні паводле арт. 228 КК Беларусі («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК Беларусі («Фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і прыгаварылі да 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У сьнежні 2023 году МУС дадало Лабковіча ў «сьпіс экстрэмістаў».
  • Валянціна Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня 2021 году, судзілі па тых самых артыкулах, што і Лабковіча. Суд прыгаварыў праваабаронцу да 9 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней МУС дадало Валянціна ў «сьпіс экстрэмістаў». Са сьнежня мінулага году яго на паўгода перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу «за парушэньні».

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);

Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG