Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці падатковая і пракуратура зацікавіліся прадаўцамі месцаў у чарзе на мяжы. Аднаго з кіроўцаў ужо асудзілі


Чарга на мяжы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Чарга на мяжы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Інфармацыя аб продажы месцаў у чарзе на перасячэньне межаў Беларусі з ЭЗ, якая распаўсюджваецца ў сеціве, прыцягнула ўвагу сілавікоў: органы пракуратуры Берасьцейскай вобласьці заняліся выяўленьнем парушальнікаў разам з падаткавікамі, паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-4».

У выніку праверак выявілі людзей, якія «злоўжываючы дадзенымі ім льготамі пры перасячэньні мяжы, садзейнічалі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці» расказаў намесьнік пракурора Берасьця Арцём Ралінскі.

Так, беспрацоўны жыхар Берасьцейскага раёну ў тэматычным тэлеграм-канале прапаноўваў кіроўцам выкупіць ягонае месца ў чарзе на ўезд у пункт пропуску «Берасьце» на беларуска-польскай мяжы за 150 даляраў. Падаткавікі правялі «кантрольную закупку» — у выніку на мужчыну склалі пратакол. Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці па выніках разгляду справы прызнаў мужчыну вінаватым у «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці» і прысудзіў яму штраф у 1200 беларускіх рублёў (30 базавых велічыняў). Рашэньне пакуль не набыло законнай сілы і можа быць абскарджанае.

У эфіры «Беларусь-4» адзначылі, што праваахоўнікі працягнуць выяўляць тых, хто прадае месцы ў чарзе на выезд за мяжу.

Паводле зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 8:00 5 красавіка, у чарзе на выезд зь Беларусі стаялі 480 легкавікоў: 180 у Берасьці, 120 — у Каменным Логу, 160 — у Беняконях і 20 — у Грыгораўшчыне.

У сувязі з закрыцьцём з 1 сакавіка яшчэ двух памежных пераходаў на мяжы зь Літвой іншыя памежныя пераходы з Эўразьвязам сталі яшчэ больш загружанымі. Каб перасячы мяжу, людзі вымушаныя стаяць у чэргах доўгія гадзіны.

Апошнім часам у сеціве зьявіліся прапановы па продажы «месца ў чарзе»: нехта займае чаргу на ўезд у пункт пропуску, а потым прадае сваё месца тым, хто хоча як найхутчэй перасячы мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG