Майк Джонсан з Рэспубліканскай партыі, сьпікер Палаты прадстаўнікоў, заявіў Fox News 31 сакавіка, што хоча, каб новую дапамогу Ўкраіне зацьвердзілі «проста зараз», і намякнуў, што прапануе пакет неўзабаве пасьля таго, як Кангрэс 9 красавіка вернецца з вакацый.
Джонсан сказаў, што прапанова будзе ўключаць «важныя новаўвядзеньні», таму будзе істотна адрозьнівацца ад законапраекту, прынятага Сэнатам у лютым. Тады пакет прынялі пасьля некалькіх месяцаў спрэчак і адмовы рэспубліканцаў ад пакету, які прэзыдэнт Джо Байдэн прасіў яшчэ ў кастрычніку, піша цэнтральная служба Свабоды.
Законапраект, прыняты Сэнатам ЗША, прадугледжвае падтрымку Ўкраіны ў памеры каля 60 мільярдаў даляраў, большая частка зь якіх — зброя і іншая ваенная дапамога.
Джонсан не апісваў плянаў сваёй вэрсіі законапраекту ў дэталях, але выказаў здагадку, што заканадаўцы разгледзяць як мінімум тры патэнцыйныя элемэнты:
- дапамогу ў выглядзе пазык;
- выкарыстаньне замарожаных расейскіх актываў для падтрымкі Ўкраіны;
- нарошчваньне экспарту прыроднага газу з ЗША, каб скараціць даходы расейскага бюджэту.