«Мы пацьвярджаем рашучае асуджэньне актаў агрэсіі з боку РФ супраць Украіны; гэтыя акты, уключаючы спробу незаконнай анэксіі рэгіёнаў Украіны, зьяўляюцца абуральнымі парушэньнямі Статуту ААН, парушэньнем міжнароднага права, што цягне за сабой дзяржаўную адказнасьць РФ, пагражаюць міжнароднаму міру і бясьпецы, ставяць пад сумнеў павагу да міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, і падрываюць дэмакратычныя каштоўнасьці », — гаворыцца ў дэклярацыі ўдзельнікаў канфэрэнцыі.
Удзельнікі заявілі, што яны аддадзены працы «ў стварэньні спэцыяльнага трыбуналу» для расьсьледаваньня і судовага перасьледу расейскіх злачынстваў.
У дэклярацыі адзначаецца, што ўсе верагодныя міжнародныя злачынствы, учыненыя ў кантэксьце агрэсіі РФ супраць Украіны, у тым ліку ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і злачынства агрэсіі, маюць быць цалкам расьсьледаваныя.
Краіны-ўдзельніцы нагадалі аб прызнаньні абавязаньня РФ несьці прававыя наступствы ўсіх яе міжнародна-супрацьпраўных дзеяньняў ва Ўкраіне або супраць Украіны, у тым ліку пакрыцьцё шкоды, і віталі адкрыцьцё — менш чым праз год пасьля яго стварэньня — Рэестру для атрыманьня, апрацоўваньня і рэгістрацыі прэтэнзій аб шкоде, прычыненай у выніку расейскай агрэсіі.
«На гэты момант Рэестар працуе ў поўным аб’ёме. Падаць пазоў можа кожны, хто панёс шкоду ў выніку агрэсіі Расеі. На сёньняшняй сумеснай канфэрэнцыі „Аднаўленьне справядлівасьці для Ўкраіны“ мы абавязаліся працягваць абʼядноўваць намаганьні для дасягненьня адказнасьці і кампэнсацыі», — заявіла на канфэрэнцыі кіраўніца МЗС Нідэрляндаў Ганке Брэйнс Сьлёт.
Паводле яе, на вечар аўторка, 2 красавіка, было атрымана больш за 100 пазоваў аб кампэнсацыі.
«Менш як 18 месяцаў таму гэта была толькі ідэя. На сёньняшні дзень Рэестар зарабіў у поўным абʼёме. Рэестар зьяўляецца першым крокам да паўнавартаснага мэханізму кампэнсацыі... Беспакаранасьць квітнее ад маўчаньня. Сёньня мы гаварылі. Мы сказалі адзіным, выразным, гучным голасам: мы не пагаджаемся на беспакаранасьць — ні ва Ўкраіне, нідзе», — падкрэсьліла яна.
Рэестар страт, нанесеных агрэсіяй Расеі, пачаў працаваць 2 красавіка.
Аб стварэньні Міжнароднага рэестру страт, нанесеных агрэсіяй РФ супраць Украіны, абʼявілі ў траўні 2023 году. У той час больш за 40 краін і ЭЗ далучыліся або выказалі намер далучыцца да пагадненьня аб Рэестры страт.
Па стане на люты 2024 г. было вядома, што патрэбы на аднаўленьне Ўкраіны складаюць ужо амаль 486 мільярдаў даляраў. Такія вынікі трэцяй ацэнкі страт і запатрабаваньняў (RDNA3), якую ўкраінскі ўрад правёў сумесна з Сусьветным банкам.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.