Пра гэта раніцай 1 красавіка паведамілі расейскія СМІ.
Пасада кіраўніка Вярхоўнага суду — вышэйшая ў судовай герархіі Расеі — стала вакантнай пасьля сьмерці 23 лютага ранейшага старшыні суду Вячаслава Лебедзева. Ён узначальваў суд больш за 30 гадоў, стаўшы старшынём яшчэ ў часы СССР.
Ірына Падносава ў 1975 годзе скончыла юрыдычны факультэт Ленінградзкага ўнівэрсытэту. У тым жа годзе той жа факультэт скончыў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Цяпер Пуцін павінен унесьці кандыдатуру Падносавай у Савет Фэдэрацыі, а той — зацьвердзіць яе.
- У 2020 годзе Ірына Падносава ўзначаліла калегію Вярхоўнага суду ў эканамічных спрэчках. Гэта найвышэйшая інстанцыя ў вэртыкалі расейскіх арбітражных судоў.
- З 2018 году Падносава ўзначальвала Другі апэляцыйны суд. Раней яна кіравала Ленінградзкім абласным судом. У арбітражных судах яна раней не працавала. Як пісаў «Коммерсантъ» са спасылкай на крыніцы, у судовай сыстэме Падносава лічыцца вельмі ўплывовым чалавекам, «паколькі ўсе разумеюць, хто за ёй стаіць».
- Як піша «Коммерсантъ», прадстаўляючы Падносаву ў панядзелак, старшыня Рады судзьдзяў Віктар Моматаў адзначыў, што яна шмат гадоў прапрацавала судзьдзёй, у яе бліскучая адукацыя і вялікі досьвед арганізацыйнай працы, яна не баіцца адстойваць сваю пазыцыю і заставацца ў меншасьці. Аб канкрэтных прыкладах апошняга ён не сказаў.