Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў, што не дэпартуе мужа Вольгі Карач, хоць той ня мае дазволу на жыхарства


Алег Баршчэўскі з Вольгай Карач і дзіцём, архіўнае фота
Алег Баршчэўскі з Вольгай Карач і дзіцём, архіўнае фота

Літоўскія чыноўнікі зьняпраўдзілі словы беларускай дзяячкі ў Вільні Вольгі Карач аб дэпартацыі яе мужа Алега Баршчэўскага.

Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў, што, хоць Алег Баршчэўскі публічна заявіў пра сваю дэпартацыю, гэтая працэдура не была ініцыяваная і ня будзе пачатая, піша агенцтва BNS.

Адвакат Баршчэўскага Рыціс Саткаўскас паведаміў агенцтву, што падчас разгляду хадайніцтва аб даваньні прытулку ведамства не прымала дакумэнтаў аб падаўжэньні дазволу на жыхарства ў Літве.

«Адказ быў такі, што сямейны дазвол на жыхарства ў Літве падаўжаць ня будзем, бо вы шукаеце прытулку», — сказаў юрыст.

«Гэта спроба падняць шум; ня ведаю, зь якой мэтай. Ці то ў стратэгічных мэтах, ці то ў нейкіх больш глыбокіх палітычных, але не, працэдура дэпартацыі не пачалася», — сказала дырэктарка Дэпартамэнту міграцыі Эвэліна Гудзінскайце.

Паводле яе, Баршчэўскі пасьля адмовы яму ў статусе ўцекача падаў у Дэпартамэнт міграцыі новую заяву аб выдачы дазволу на жыхарства для ўзьяднаньня сям'і, запыт прынялі да разгляду і выдадуць рашэньне цягам трох месяцаў.

Па словах Гудзінскайце, Баршчэўскі цяпер знаходзіцца ў Літве нелегальна, адмовіўся ад супрацоўніцтва з Дэпартамэнтам міграцыі і ня даў тлумачэньняў, зь якой прычыны ня можа пакінуць Літву. Але нягледзячы на гэта, Дэпартамэнт міграцыі пакуль не плянуе высылаць Баршчэўскага з краіны, бо для беларускіх грамадзян гэта можа быць небясьпечна.

Яна паведаміла, што Баршчэўскага пакараюць у адміністрацыйным парадку за парушэньне працэдур, але дазвол на жыхарства для ўзьяднаньня сям'і выдадуць, калі дакумэнты будуць пададзеныя правільна.

Раней жонка Баршчэўскага, кіраўніца Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» Вольга Карач, заявіла, што Літву яе муж пакідаць ня будзе, «яму няма куды яе пакідаць, і ў яго тут сям’я і дзеці — палітычныя ўцекачы Літвы».

У лісьце з Дэпартамэнту міграцыі Літвы на імя Алега Баршчэўскага паведамляецца, што Вышэйшы адміністрацыйны суд Літвы пакінуў у сіле рашэньне Дэпартамэнту міграцыі аб адмове ў даваньні яму прытулку ў Літоўскай Рэспубліцы. Гэта канчатковае рашэньне, якое не падлягае абскарджваньню.

У лісьце былоа сказана, што ўлічваючы, што ў яго няма іншых прычын для знаходжаньня ў краіне, яго просяць адказаць, ці згодны ён выехаць за мяжу добраахвотна. У адваротным выпадку будзе ўхваленае рашэньне аб яго дэпартацыі зь Літоўскай Рэспублікі ў краіну паходжаньня, Беларусь. Згоды на добраахвотны выезд зь Літвы Баршчэўскі ня даў.

У Дэпартамэнце міграцыі Свабодзе тады заявілі, што ня могуць камэнтаваць пэрсанальныя справы.

Справа Вольгі Карач

У жніўні 2023 году Дэпартамэнт міграцыі Літвы адмовіў Вользе Карач у палітычным прытулку, паколькі Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі высьветліў, што «яе знаходжаньне ў краіне нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы з прычыны яе сувязі з расейскай выведкай». Найвышэйшы адміністрацыйны суд Літвы канчаткова пацьвердзіў законнасьць рашэньня Дэпартамэнту міграцыі Літвы.

Пасьля гэтага Вольга Карач заявіла, што будзе зьвяртацца ў Эўрапейскі суд. Яна адмовілася пакідаць Літву. 4 лютага яна падала пазоў супраць Літвы ў Эўрапейскі суд.

«Калі я пагроза нацыянальнай бясьпецы, то чаму мяне ня выслалі зь Літвы? Калі я не пагроза, то чаму мне не даюць палітычнага прытулку? Я лічу, што гэта такая кампанія цкаваньня, зьвязаная з тым, што мы абараняем правы беларусаў тут, і таксама на карысьць гэтай вэрсіі кажа той факт, што майму мужу таксама адмовілі ў палітычным прытулку за тое, што ён у лютым 2020 году езьдзіў у Беларусь», — сказала Карач у студзені 2024 году.

Карач паведаміла, што падазрэньні ў тым, што яна «можа супрацоўнічаць з расейскай выведкай», грунтаваліся на інфармацыі, што яна езьдзіла ў 2016 і 2019 гадах у Расею для ўдзелу ў розных канфэрэнцыях, на якіх магла «зь некім» сустракацца, а таксама спрабавала сустрэцца з расейскім амбудсмэнам Тацянай Маскальковай.

Яна таксама паведаміла, што 31 праваабарончая арганізацыя зьвярнулася ў літоўскі суд зь лістамі ў яе абарону, у якіх тлумачылася, што сустрэчы з прадстаўнікамі розных дзяржаўных структур, у тым ліку Тацянай Маскальковай, — гэта абсалютна нармальная частка праваабарончай дзейнасьці.

Вольга Карач атрымлівала дазвол на жыхарства ў Літве з 2014 году, а ў 2023-м зьвярнулася па палітычны прытулак. Яна ачольвае Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом», які, як паведамляецца на сайце арганізацыі, займаецца гуманітарнай і псыхалягічнай дапамогай беларусам у Літве і ў Беларусі, а таксама адсочвае парушэньні правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG