Затрыманьні назіральнікаў за судамі
Супрацоўнікі Берасьцейскага абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС затрымалі некалькі чалавек у Берасьці, Баранавічах і Пінску, якія наведвалі судовыя паседжаньні, паведамляе сайт «Люстэрка».
На аднаго з затрыманых пачалі крымінальную справу паводле артыкулу за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці і зьмясьцілі ў ізалятар, піша «Вясна».
Паводле сілавікоў, 40-гадовы жыхар Берасьця вёў маніторынг судовых паседжаньняў для праваабарончага цэнтру «Вясна», які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем.
Паводле сілавікоў, ён нібыта«сыстэматычна наведваў суды ў крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасьці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэньняў, інфармацыю аб сьведках і прадстаўніках праваахоўных органаў. Далей гэтыя зьвесткі перадаваліся замежным куратарам для публікацыі на дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсах».
20 сакавіка стала вядома пра затрыманьне вядомага ў Менску хрысьціянскага прапаведніка, паэта і выканаўца аўтарскай песьні, бацькі семярых дзяцей Сяргея Мельянца, паведамляла «Хрысьціянская візія».
Вядома, што яго судзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу. Прычыны і нагода перасьледу невядомыя. Ягоны брат Мікалай паведаміў, што Сяргея пакаралі 13 днямі арышту і накіравалі ў менскую турму на завулку Акрэсьціна.
Сяргей Мельянец вядомы тым, што хадзіў на палітычныя судовыя працэсы ў Менску і публікаваў нататкі пра гэта на Facebook.
Сілавікі затрымалі жыхара Менскай вобласьці
Як паведамляе «Вясна», сілавікі сьцьвярджаюць, што затрыманы нібыта хацеў далучыцца да ўкраінскай арміі і спрабаваў нелегальна перайсьці мяжу. Пасьля няўдалай спробы ён нібыта напісаў начальніку Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірылу Буданаву з просьбай дапамагчы трапіць ва Ўкраіну, аднак той прапанаваў падарваць адміністрацыйны будынак ці чыгунку ў Беларусі.
Пасьля гэтага беларус нібыта «патэлефанаваў у польскую амбасаду і сказаў, што гатовы служыць ва ўкраінскім войску», і на наступны дзень яго затрымалі.
У Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Ніны Багінскай
Як паведамляе @belsat, 25 сакавіка Багінскую адвезьлі ў пастарунак і трымалі там да вечара.
Вядомая грамадзкая актывістка Ніна Багінская мусіць зьявіцца ў суд Першамайскага раёну Менску для разгляду адміністрацыйнага пратаколу за тое, што ў яе кватэры сілавікі знайшлі нацыянальны сьцяг Беларусі. Бел-чырвона-белы сьцяг быў на тумбачцы ў пакоі, дзе жыве Багінская.