Яна заявіла, што ў беларускай рэвалюцыі нараджалася самакіраваньне. Паводле яе, на чале працэсу стаялі шараговыя людзі, а не палітыкі. Ціханоўская падкрэсьліла, што падзеі 2020 году заклалі аснову дэмакратычнай гарызантальнай сыстэмы.
На думку дэмакратычнай лідэркі, пуцінская Расея і дэмакратычныя прынцыпы несумяшчальныя, «пад Расеяй ня будзе ні свабоды, ні міру, ні будучыні», — сказала яна.
Ціханоўская зьвярнулася да прадстаўнікоў мясцовай і рэгіянальнай улады краінаў Эўропы з чатырма запытамі:
- Дапамагчы беларусам падрыхтаваць рэформу самакіраваньня;
- Запусьціць рэабілітацыйныя праграмы для дзяцей рэпрэсаваных і былых палітвязьняў;
- Арганізаваць сыстэму стыпэндыяў і стажыровак для беларусаў, уключаць іх у праграмы акадэмічных і культурных абменаў;
- Падтрымліваць эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі, Украіны і Малдовы.
«Я заклікаю Кангрэс, мэраў гарадоў, прадстаўнікоў мясцовых уладаў стаць часткай шырокай міжнароднай кааліцыі за інтэграцыю Беларусі ў Эўразьвяз», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
«Разам мы можам дапамагчы Ўкраіне выйграць гэтую вайну і вызваліць Беларусь з кіпцюроў тыраніі», — заявіла яна.