Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрацавалі хірургічна». У СБУ прызналі датычнасьць Украіны да пашкоджаньня расейскага самалёта ў Мачулішчах


Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк. Архіўнае фота
Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк. Архіўнае фота

Інцыдэнт адбыўся 26 лютага 2023 году.

Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк заявіў, што расейскі самалёт А-50, які знаходзіўся на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам, пашкодзілі ў выніку дывэрсійнай апэрацыі Службы бясьпекі Ўкраіны.

«У Беларусі спрацавалі на аэрадроме Мачулішчы. А-50 — расейскі варожы самалёт, які ажыцьцяўляў глыбокую радыёлякацыю па тэрыторыі Ўкраіны. Яго адпаведна дывэрсійна адпрацавалі і пашкодзілі радыёлякацыйную сыстэму і (якую) вывелі абсалютна назаўжды з ладу», — сказаў Васіль Малюк у інтэрвію ўкраінскаму тэлеканалу ICTV.

Кіраўнік СБУ дадаў, што для дывэрсіі выкарысталі два дроны.

«А-50, летась, Мачулішы, Беларусь. Хірургічна спрацавалі па антэне. Апэратыўны склад на сваім слэнгу патэльняй яе называў. Два адпаведныя нашыя ударныя дроны, яны нанесьлі пасьпяховае агнявое паражэньне», — дадаў Васіль Малюк.

26 лютага 2023 году ў гарадзкім пасёлку Мачулішчы пад Менскам адбылася дывэрсія. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў падарвалі і вывелі са строю расейскі самалёт далёкай выведкі А-50.

Пэўны час улады Беларусі адмаўлялі гэты інцыдэнт, але пазьней прызналі і правялі антыдывэрсійную апэрацыю.

Пад «зачыстку» трапілі сама меней 614 чалавек, паводле праваабаронцаў «Вясны». У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку пазьней адпусьцілі. Пад перасьлед трапілі тыя, хто праходзіў паводле адміністрацыйных палітычных артыкулаў пасьля 2020 году. Па словах супрацоўнікаў «Вясны», затрымлівалі людзей як з блізкіх да Мачулішчаў раёнаў, так і па ўсёй Беларусі. Масавыя затрыманьні прайшлі сярод псыхатэрапэўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў. Пэўна, некаторыя падазраваныя з такімі заняткамі знаходзяцца цяпер за мяжой.

Трэцяга сакавіка КДБ паведаміў, што ў справе праходзяць каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Фігурантам можа пагражаць расстрэл.

Вядомыя імёны 8 затрыманых і яшчэ некалькіх падазраваных, якія знаходзяцца за мяжой. А таксама прысуд аднаму зь фігурантаў — 10 гадоў калёніі. Пасьля дывэрсіі ў Беларусі чарговы раз абмежавалі выкарыстаньне дронаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG