Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча плянуе ўзьвесьці 70-мэтровыя вышкі ўздоўж мяжы зь Беларусьсю і ўзмацніць загароду


Полькі памежнік. Ілюстіарцыйнае фота
Полькі памежнік. Ілюстіарцыйнае фота

Узьвядзеньне 206-кілямэтровага плоту ўздоўж мяжы зь Беларусьсю Польшча завяршыла ў чэрвені 2023 году.

Польшча зьбіраецца ўзвесьці назіральныя вышкі вышынёй каля 70 мэтраў з «сучасным оптыка-электронным абсталяваньнем» уздоўж мяжы з Беларусьсю, вынікае з заявы кіраўніка Памежнай аховы Робэрта Багана на сумесным паседжаньні камітэтаў Сэйму ў нацыянальнай абароне, а таксама адміністрацыі і ўнутраных справах, піша «Позірк».

Па словах чыноўніка, якія прыводзіць Gazeta Prawna, гэтыя пункты дапамогуць забясьпечыць «лепшы агляд і кантроль стратэгічнага ўчастка мяжы», дазваляючы маніторыць тэрыторыю ў глыб Польшчы і Беларусі амаль на 10 км.

Баган таксама лічыць неабходным набыць бесьпілётныя лятальныя апараты вэртыкальнага ўзьлёту і пракласьці асфальтаваную дарогу ўздоўж мяжы для «паскарэння рэагаваньня памежнай службы». «Паколькі цяпер так званая тэхнічная дарога інтэнсіўна выкарыстоўваецца як памежнымі машынамі, так і арміяй, доступ да розных раёнаў і скорасьць рэагаваньня значна зьніжаюцца», — растлумачыў ён.

Усе гэтыя захады, паводле яго, актуальныя, паколькі цяперашнюю перашкоду нелегальныя мігранты, якія ідуць з боку Беларусі, занадта лёгка пераадольваюць, разгінаючы элемэнты загароды або «праплываючы праз водапрапускныя трубы».

Кіраўнік Памежнай аховы паведаміў, што «мігранты разгінаюць пяцімэтровыя элемэнты плота з дапамогай аўтамабільнага дамкрата за 20 сэкундаў». Ён прапанаваў умацаваць бар’ер дадатковымі перакладзінамі, якія ўскладняць ці зробяць немагчымым разгінаньне элемэнтаў агароджы.

Паводле намесьніка міністра абароны Польшчы Цэзарыя Томчыка, з пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе зафіксавалі больш як 80 тысяч спроб нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, затрымана больш як 42 тысяч чалавек. «Асноўныя кірункі перакідваньня мігрантаў не зьмяніліся і не адбылося ніякіх зьмяненьняў у тактыцы дзеяньняў», — канстатаваў ён.

Паводле зьвестак інспэкцыі забесьпячэньня Ўзброеных сіл Польшчы, выдаткі на бясьпеку на польска-беларускай мяжы ў 2021–2023 гадах склалі амаль 1,5 млрд злотых (каля 375 млн даляраў). «Чаканыя выдаткі ў 2024 годзе складуць 850 мільёнаў злотых. Крыніцай зьяўляецца бюджэт Міністэрства нацыянальнай абароны», — адзначыў Томчык.

Зь ліпеня 2021 года да аховы мяжы Польшча прыцягнула 5,6 тыс. вайскоўцаў, у 2022-м — 6,7 тыс. 2023-м — 3 тыс., з пачатку 2024-га — 4,6 тыс. За гэты час «было выстаўлена 280 тысяч назіральных пастоў і арганізавана больш за 250 тысяч патрулёў», сказаў намесьнік міністра.

Узьвядзеньне 206-кілямэтровай загароды ўздоўж мяжы зь Беларусьсю Польшча завяршыла ў чэрвені 2023 году.

16 лютага сёлета прэмʼер-міністар Дональд Туск заявіў, што загарода павінна быць мадэрнізаваная «ў самыя кароткія тэрміны». У 2024 годзе Польшча выдзеліць на абслугоўваньне фізычнага і электроннага барʼеру на мяжы зь Беларусьсю каля 2,5 млн. злотых.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году.

Мігранцкі крызіс 2021-2024. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG