Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Бабруйску, апошні час працаваў у Расеі: што вядома пра беларуса, які пацярпеў падчас тэракту ў Падмаскоўі


Ілюстрацыйнае фота. Людзі нясуць кветкі да месца тэракту ў Падмаскоўі, 23 сакавіка 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Людзі нясуць кветкі да месца тэракту ў Падмаскоўі, 23 сакавіка 2024 году

Пасьля нападу ў Падмаскоўі, які адбыўся 22 сакавіка, адзін грамадзянін Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, за яго жыцьцё змагаюцца мэдыкі, паведаміў 23 сакавіка беларускі амбасадар у Расеі Дзьмітры Круты.

Як даведалася выданьне «Наша Ніва», гаворка ідзе пра ўраджэнца Беларусі Аліма Кашаварава. Раней ён жыў у Бабруйску, але доўгі час працуе ў Расеі. У базах «Белпола» няма інфармацыі пра яго шлюб ці наяўнасьць дзяцей. Паводле зьвестак выданьня, яму 42 гады.

У сьпісах пацярпелых у выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі пазначана, што Кашавараў Алім Іосіфавіч дастаўлены гарадзкую клінічную бальніцу імя Боткіна ў Маскве. У дакумэнце напісана, што яму 43 гады.

Пра тое, што пацярпелы беларус знаходзіцца ў Боткінскай бальніцы, казаў і амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты.

«Учора ў тэракце пацярпеў наш сябар, ён з Бабруйска, вельмі добры чалавек. Ён знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, ён атрымаў дзьве кулі, у грудзі і ў жывот. Малюся, каб ты выжыў», — напісалі сябры Аліма ў Інстаграме.

Ці ёсьць яшчэ пацярпелыя ці загінулыя падчас нападу беларусы, пакуль дакладна не вядома. Амбасада чакае публікацыі падрабязных зьвестак пра загінулых і працэсу высьвятленьня асобаў усіх пацярпелых, адзначыў Круты.

Таксама Круты паведаміў, што сваякі шукаюць грамадзяніна Беларусі пасьля тэракту, перадае БелТА.

Увечары 22 сакавіка некалькі людзей у камуфляжнай форме адкрылі страляніну з аўтаматаў у канцэртнай залі, дзе мусіў адбыцца канцэрт расейскага рок-гурту «Пікнік». Потым адбыўся выбух і пачаўся моцны пажар. Пазьней над глядацкай заляй «Крокуса» рухнуў дах, ратавальнікі разьбіраюць завалы. Да раніцы з «Крокуса» эвакуявалі ўсіх пацярпелых.

У выніку тэракту ў канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі, паводле апошніх афіцыйных зьвестак СК Расеі, загінулі сама меней 115 чалавек. Міністэрства аховы здароўя Падмаскоўя апублікавала сьпіс з 146 пацярпелымі ў выніку тэракту, сярод іх сямёра дзяцей.

Тэлеграм-канал «112», які спэцыялізуецца на апэратыўнай хроніцы, са спасылкай на крыніцу паведамляе, што колькасьць загінулых вырасла да 150 чалавек; яшчэ раніцай канал паведамляў пра 183 пацярпелых — пакуль гэтыя зьвесткі афіцыйна не пацьверджаныя.

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле артыкулу аб тэракце. 23 сакавіка дырэктар ФСБ Аляксандар Бортнікаў даклаў Пуціну пра нібыта затрыманьне 11 падазраваных у сувязі з нападам, сярод затрыманых — чацьвёра непасрэдных удзельнікаў тэракту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG